Сёння — Дзень абаронцаў Айчыны

432

23 лютага наш народ урачыста адзначае Дзень абаронцаў Айчыны і 97-ю гадавіну ўтварэння Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Гэта свята ўжо многія дзесяцігоддзі адзначаецца як усенароднае. З пакалення ў пакаленне  перадаецца глыбокая павага да тых, хто мужна абараняў свабоду і незалежнасць дзяржавы.

Сёння ў радах абаронцаў Айчыны — унукі і праўнукі герояў свяшчэннай вайны. Праз многія выпрабаванні давялося прайсці ім са зброяй у руках, выконваючы баявыя задачы ў лакальных войнах і ваенных канфліктах.

Умацаванне бяспекі Беларусі залежыць ад боегатоўнасці айчынных Узброеных Сіл. Ваенныя камісарыяты з’яўляюцца злучаючым звяном паміж Узброенымі Сіламі і мясцовымі органамі ўлады, юрыдычнымі і фізічнымі асобамі ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі дзяржавы.

Армія пачынаецца з ваенкамата. У гэтым перакананы маёр Алег Пятровіч Сазановіч. Дзясяты год ён служыць у сістэме ваенных камісарыятаў. У 2014 годзе пасля рэарганізацыі Карэліцкага раённага ваеннага камісарыята шляхам злучэння з Навагрудскім ваенкаматам А. П. Сазановіч узначаліў адасобленую групу (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў. Па просьбе журналіста А. П. Сазановіч адказаў на некалькі пытанняў.

— Алег Пятровіч, як да гэтага назначэння складвалася Ваша службовая кар’ера?

— Сам я, лічыце, мясцовы, нарадзіся ў Навагрудскім раёне. У 1990 годзе прызваны ва Узброеныя Сілы. Закончыў Ламаносаўскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. Затым служыў у 181 баявой верталётнай базе, з 2005 па жнівень 2014 года — на пасадзе намесніка ваеннага камісара Карэліцкага ваеннага камісарыята.

— Ці адрозніваецца служба ў ваенкамаце і вайсковых  часцях?

— Зразумела, што з пераходам у сістэму ваенных камісарыятаў задачы, якія даводзілася вырашаць раней, значна адрозніваюцца, але набытыя ў час службы ў вайсковых часцях вопыт і навыкі, дзесяцігадовая практыка ў ваенкамаце дазваляюць паспяхова з імі спраўляцца.

— Якія задачы вырашае адасобленая група?

— Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 чэрвеня 2005 года № 624 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб ваенных камісарыятах” у новай рэдакцыі сказана, што адасобленая група ўваходзіць у структуру аб’яднанага ваеннага камісарыята і на тэрыторыі раёна, дзе няма ваенкамата, выконвае частку яго функцый па ажыццяўленні ваенна-мабілізацыйнай і ўлікова-прызыўной работы. Галоўнымі задачамі з’яўляюцца мабілізацыя людскіх і транспартных рэсурсаў, прызыў грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве, ваенныя зборы. Акрамя таго, адасобленая група праводзіць адбор кандыдатаў для паступлення ў вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы, а таксама на ваенныя факультэты і кафедры грамадзянскіх навучальных устаноў, вырашае пытанні ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння ваеннаслужачых запасу. Сумесна з органамі дзяржаўнага кіравання, арганізацыямі, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі забяспечвае выкананне грамадзянамі воінскага абавязку, арганізацыю і вядзенне воінскага ўліку.

— Колькі грамадзян накіравана на ваенную службу ў 2014 годзе і як яны служаць?

— За мінулы год у рады Узброеных Сіл з нашага раёна накіравана 58 юнакоў. З гэтай кагорты добрасумленна стаяць на варце Радзімы воіны-пагранічнікі А. Н. Трусевіч і А. А. Буцкевіч. Толькі добрымі словамі характарызуюць камандзіры А. Ю. Кергета, які служыць у Гродна, А. Ю. Бухаўца з вайсковай часці, якая дыслацыруецца ў Баранавічах. Дысцыплінаванымі воінамі ўнутраных войскаў зарэкамендавалі сябе А. Ю. Грамыка, І. Г. Коўзусь і іншыя.

— Чаго Вы пажадаеце ветэранам вайны і сённяшнім абаронцам Айчыны?

— Напярэдадні свята ад шчырага сэрца віншую з Днём абаронцаў Айчыны і 97-й гадавінай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь усіх удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў ваеннай службы, тых, хто прайшоў дарогамі Афганістана, служыў у “гарачых кропках”, хто сёння ў радах Беларускай Арміі выконвае воінскі і грамадзянскі абавязак. Самыя добрыя пажаданні вам, а таксама вашым блізкім і родным, тым, хто дзеліць з вамі святы і будні, хто кахае вас і падтрымлівае ў цяжкую хвіліну.

Поспехаў, шчасця, міру і дабрыні!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.