Кубак турніру “Залатая шайба” прапісаўся ў Карэлічах

1

20—22 сакавіка ў горадзе Пружаны прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (юнакі 1999—2001 гадоў нараджэння).
Гродзенскую вобласць прадстаўляла каманда “Юнацтва” Карэліцкага раёна, а ўсяго ў турніры прымалі ўдзел юныя хакеісты пяці абласцей (акрамя Брэсцкай).
У першым матчы нашы хакеісты сустракаліся з камандай “Прамень” Гарадокскага раёна Віцебскай вобласці і літаральна разграмілі саперніка з лікам 22:0. Шайбы закінулі: Ягор Бразоўскі — 6, Уладзіслаў Кавальчук — 4, Алег Куцко — 3, Аляксей Казлоўскі — 2, Антон Лецка — 2, Мікіта Манкевіч, Дзяніс Башко, Арцём Зарубайка, Яўгеній Карчэўскі, Аляксей Аляшкевіч — па адной.
Перамога ў другой гульні прыносіла камандзе медалі, таму праходзіла больш напружана і завяршылася перамогай нашых хакеістаў над сапернікамі з Магілёўскай вобласці з лікам 7:2. У нас шайбы закінулі: Уладзіслаў Кавальчук — 2, Аляксей Казлоўскі, Ягор Бразоўскі, Мікіта Манкевіч, Аляксей Аляшкевіч, Яўгеній  Карчэўскі — па адной.
Перад апошнім днём турніру вызначылася прызавая тройка, у якую ўвайшлі каманды: Гомельскай, Гро-дзенскай і Мінскай абласцей. Нашым рабятам трэба было правесці дзве гульні, а сапернікам па адной.
У першай сустрэчы гульнёвага дня хакеісты “Юнацтва” сустракаліся з камандай “Факел” ліцэя МНС Гомельскага раёна Гомельскай вобласці. Хакеісты “Факела” да гэтага часу ўжо мелі 3 выйгрышы, і для перамогі на спаборніцтвах ім дастаткова было згуляць унічыю, але нашы гульцы не сталі адкладваць перамогу на потым і ўжо ў першым перыядзе павялі з лікам 3:1, а затым упэўнена кантралявалі гульню і давялі матч да перамогі з лікам 5:2.
У нашай камандзе галамі адзначыліся: Аляксей Казлоўскі — 2, па адной шайбе ў вароты сапернікаў забілі Ягор Бразоўскі, Мікіта Манкевіч, Уладзіслаў Кавальчук.
У заключным матчы турніру з камандай Барысаўскага раёна нашу зборную задавальняла нічыя і нават пройгрыш з розніцай у адну шайбу, але рабяты знайшлі ў сабе сілы, сканцэнтраваліся і згулялі на-дзейна і ўпэўнена. У выніку перамаглі з лікам 7:4. Шайбы закінулі: Яўгеній Карчэўскі — 3, Аляксей Казлоўскі — 2, па адной шайбе закінулі ў вароты саперніка Ягор Бразоўскі, Уладзіслаў Кавальчук.
Перамога ва ўсіх матчах дазволіла нашай дружыне ўпершыню ў гісторыі раёна стаць пераможцай рэспубліканскага турніру.
У склад каманды ўваходзілі варатары Мікалай Жадзейка і Карым Нурылоеў, 1-я змена: Ягор Шэўка, Аляксей Аляшкевіч, Ягор Бразоўскі, Яўгеній Карчэўскі, Мікіта Манкевіч, другая змена — Віктар Міхалкевіч, Максім Шымка, Алег Куцко, Аляксей Казлоўскі, Уладзіслаў Кавальчук, трэцяя змена: Яўгеній Трыбуць, Дзяніс Башко, Антон Лецка, Арцём Зарубайка, Аляксандр Дарашэнка.
Лепшым варатаром турніру прызнаны наш галкіпер Мікалай Жадзейка.
За перамогу ў спаборніцтвах хакеісты ўзнагароджаны пераходным Кубкам турніру “Залатая шайба”, Кубкам за першае месца, а кожны хакеіст атрымаў залаты медаль, асабісты кубак, Грамату Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, памятны сувенір, а каманда дадаткова ўзнагароджана каштоўнымі прызамі: клюшкамі і ноўтбукам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.