Пацыентам і сцены дапамагаюць

5

Ахова здароўя — прыярытэтны накірунак развіцця сацыяльнай сферы ў нашым раёне. На гэта накіроўваюцца штогод немалыя бюджэтныя сродкі. За іх вядзецца рамонт медыцынскіх устаноў, набываецца новае сучаснае абсталяванне, абнаўляецца спецыялізаваны аўтатранспарт. Увага надаецца не толькі цэнтру, але і сельскім лячэбным установам. Усё робіцца для зручнасці гараджан і вяскоўцаў у атрыманні кваліфікаванай, своечасовай медыцынскай дапамогі.
   Гонар раёна — цэнтральная раённая бальніца і паліклініка, амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, бальніца сястрынскага догляду.
А зусім нядаўна ў Мірскай гарадской бальніцы адбылася сімвалічная падзея. Як своеасаблівы падарунак да Дня жанчын, 8 сакавіка здадзены пасля рамонту прыёмны пакой і пачаў функцыянаваць пост № 2, рэнтгенкабінет, хутка прыме пацыентаў пост № 1.
У бальніцы, разлічанай на 45 ложкаў, у ходзе капітальнага рамонту і мадэрнізацыі заменена сістэма ацяплення, электраправодка, сантэхнічнае абсталяванне, усе дзверы, закуплены новыя шафы, ложкі, пасцельная бялізна, абсталяванне для буфетнага пакоя, дзе ўстаноўлены адпаведныя сучасным патрабаванням ванны для мыцця посуду. У ванным і буфетным пакоях устаноўлены воданагравальнік  для забеспячэння гарачай вадой.
Унутраная аддзелка памяшканняў выканана згодна з патрабаваннямі санэпідрэжыму, а палаты, разлічаныя на 4-х чалавек, афарбаваны ў спрыяльны для хворых колер. Абсталявана новай мэбляй сталовая.
У час наведвання бальніцы сваімі ўражаннямі ад яе падзяліліся з журналістам пацыенткі: заслужаная калгасніца Софія Іосіфаўна Нячай з вёскі Аюцавічы, якая 37 гадоў адпрацавала даяркай, і заслужаная калгасніца з вёскі Радунь Ніна Рыгораўна Булдык. Жанчыны выказалі шмат добрых слоў урачу-тэрапеўту Святлане Іосіфаўне Маліноўскай, медсёстрам за клопат, чуласць і спагаду.
— Я не аднойчы лячылася ў бальніцах г. Мінска і Гродна, — сказала Н. Р. Булдык, — і ўсюды прыводзіла ў прыклад Мірскую бальніцу. Урачы тут ад Бога.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.