Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы — на Гродзеншчыне

2

У час рабочай паездкі на Гродзеншчыну віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы наведаў Карэліцкі раён, дзе пракантраляваў будаўніцтва свінагадоўчай фермы ў СВК імя Чарняхоўскага і рэканструкцыю комплексу СВК “Маяк-Заполле”.
У эксклюзіўным інтэрв’ю газеце “Полымя” Міхаіл Іванавіч сказаў:
— Мы паставілі задачу значна нарасціць вытворчасць свініны як у цэлым па краіне, так і ў Гродзенскай вобласці, дзе гэта галіна найбольш развітая. За крэдытныя рэсурсы Банка развіцця пад 7,5% трэба пабудаваць свінагадоўчы комплекс у СВК імя Чарняхоўскага і нельга таксама не скарыстаць пляцоўку ў СВК “Маяк-Заполле”, дзе ёсць поўнае інжынернае забеспячэнне: газ, вада, электраэнергія і частка гатовых будынкаў. Тут арганізуем адкорм свінапагалоўя і будзем атрымліваць 2700 т мяса. З улікам гэтага да 1 студзеня 2016 года ўсе памяшканні павінны быць запоўнены. Графік, зацверджаны раней, выконваецца і мы не дазволім ад яго адступіць. Работа арганізавана нядрэнна, якасць яе здавальняючая.
Зараз самае галоўнае для нас, каб бізнес-план аб’екта ў СВК “Маяк-Заполле” да канца разгледзела кіраўніцтва Банка развіцця і прыняло аператыўнае рашэнне па адкрыццю фінансавання, бо пакуль будаўнікі працуюць у доўг.
На аб’ект СВК імя Чарняхоўскага запланавана выдаткаваць 89 млрд руб. Гэтага дастаткова.
Праведзены тэндар на закуп абсталявання, і работы павінны быць завершаны да жніўня гэтага года, а да студзеня наступнага года падаць групу 4-месячных галоў маладняку на адкорм.
У выніку раён будзе атрымліваць у тры разы больш свініны, чым раней. А гэта сур’ёзныя грошы, гэта рабочыя месцы, гэта тэхналогіі.
Віцэ-прэм’ера суправаджалі і  давалі тлумачэнні першы намеснік старшыні аблвыканкама І. А. Жук, старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак і кіраўнікі названых гаспадарак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.