З агнём не жартуй —згарэць можна…

8

Ранняя вясна, цёплае сухое надвор’е паслужылі сігналам                   для многіх грамадзян да навядзення парадку на прысядзібных участках. Але паляць смецце не толькі дачнікі і ўладальнікі               асабістых зямельных участкаў, на вялікі жаль, такая практыка выкарыстоўваецца на прыдарожных тэрыторыях уздоўж палёў, лугоў, на сенажацях, берагах рэк і вадаёмаў і г. д.
 
   Чым гэта пагражае, расказаў журналісту начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях В. К. РЫБАК.
— Кожны год выпальванне сухой леташняй расліннасці прыводзіць да няшчасных выпадкаў — загарання жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў, траўміравання  і гібелі людзей. Па гэтай прычыне летась у рэспубліцы адбыліся 3 204 пажары на плошчы 2 456,8 га, у 263 выпадках выпальванне закончылася пажарамі. У агні загінулі 5 чалавек, у чатырох выпадках людзі выпальвалі сухую расліннасць на сваіх прысядзібных участках.
— Віталій Канстанцінавіч, якое становішча ў нашым раёне?
— На тэрыторыі Карэліцкага раёна ў 2014 годзе з-за спальвання смецця на прысядзібных участках адбылося 6 пажараў. Адзін з іх здарыўся летась 20 жніўня ў вёсцы Антанёва Ярэміцкага сельсавета. У выніку пажару знішчаны дах жылога дома, гаспадарчая пабудова згарэла цалкам. Прычына — выпальванне смецця на прысядзібным участку.
— Чым характарызуецца 2015 год?
— Сёлета пажарныя разлікі вобласці 56 разоў выязджалі на ліквідацыю палаў сухой травы і кустоўя. А ў рэспубліцы з-за выпальвання сухой расліннасці загінулі 9 пажылых грамадзян, 4 былі шпіталізаваны з апёкамі, атрыманымі ў выніку тушэння травы каля свайго дома.
Якія меры адказнасці прадугледжаны да парушальнікаў?
— Згодна з артыкулам 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях, за выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама пожні і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў, вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад дзесяці да сарака базавых велічынь (ад 1,8 млн да 7,2 млн беларускіх рублёў) па стану на сакавік г. г. За развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугле-джаны папярэджанне або штраф у памеры да дванаццаці базавых велічынь.
Чым яшчэ небяспечныя такія дзеянні?
— Веснавыя палы кожны год прыносяць вялікія страты навакольнаму асяроддзю. У выніку такіх дзеянняў парушаецца натуральны, прыродны баланс, могуць узнікнуць маштабныя пажары ў лясах і на тарфяніках. Агонь нішчыць усё жывое, збядняе відавы склад лугавой расліннасці. На выжарах ужо не будзе ранейшага разнатраўя, выслабаненую тэрыторыю захопіць пустазелле.
Але не толькі траву нельга выпальваць у час веснавога добраўпарадкавання. Нельга паліць вырабы з пластмас (яны выдзяляюць дыяксіны), а таксама афарбаваныя кавалкі драўніны (у большасці фарбаў утрымліваецца свінец), гумавыя вырабы, старую мэблю. Трэба памятаць, што пры гарэнні ўсе гэтыя матэрыялы выдзяляюць небяспечныя для здароўя рэчывы.
— Віталій Канстанцінавіч, што вы параіце аматарам адпачынку на ўлонні прыроды?
— Не пакідайце ў месцах адпачынку непатушаныя вогнішчы, запалкі, недакуркі, шкляныя бутэлькі (на сонцы апошнія працуюць, як павелічальныя лінзы, факусіруюць сонечныя прамяні і падпальваюць траву, мох і г. д.); не будзьце абыякавымі да падпаленай травы, пры немагчымасці патушыць пажар уласнымі сіламі, паведамляйце аб узгараннях у дзяжурную службу МНС па тэлефонах “101”, “102”.
Ці дапускаецца ўвогуле спальванне смецця?
— Пасля ўнясення змяненняў у правілы пажарнай бяспекі дапускаецца кантралюемае развядзенне вогнішчаў для спальвання смецця і адходаў на пляцоўках. Пры гэтым яны павінны быць акаймаваны ачышчанай ад мінеральнага слоя глебы паласой, шырыня якой не менш 0,25 м. Паліць адходы можна пры слабым ветры і пры захаванні наступных адлегласцяў: не менш 10 м ад будынкаў і збудаванняў, 20 м ад ляснога масіва, 30 м ад месцаў, дзе складзіруецца сена або салома. У правілах дадаткова сказана, што на прысядзібных участках дапускаецца прыгатаванне стравы ў спецыяльных прыстасаваннях на мінімальнай адлегласці ад пабудоў не менш 4 м.
Ні ў якім выпадку пры спальванні смецця нельга выкарыстоўваць гаручыя вадкасці, а таксама пакідаць непатушаныя кастры, запалкі і іншае смецце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.