Жанчына з вогненнай вёскі

4

Ураджэнка Кожава можа па праву лічыць сябе дзіцём вогненнай вёскі, якая па розных прычынах гарэла ў даваенны перыяд і пасля яго. Але найбольш памятнымі сталі гады ліхалецця. З першых дзён фашысцкай навалы мясцовае насельніцтва аказала адпор захопнікам, а калі сталі стварацца партызанскія атрады, народным мсціўцам стаў старэйшы брат Вольгі — Валодзя. Гітлераўцы і іх памагатыя жорстка помсцілі партызанскім сем’ям, рабавалі маёмасць, палілі жытло, расстрэльвалі жанчын, не шкадавалі старых і дзяцей. Хаваючыся ад расправы карнікаў, у лес пайшлі малодшы брат Васіль, а потым і бацька. А Вольга з мамай Аленай Гаўрылаўнай знайшлі прытулак на хутары. А калі і там стала небяспечна, яны разам з аднасяльчанкай Таццянай Максімовіч і яе дачкой Лізай вырашылі далучыцца да партызан.
Тры дні жанчыны са сваімі дзяўчынкамі чакалі ў Зарэччы пераправы за Нёман, а потым дабраліся да Рудзьмы. Там іх накіравалі ў сямейны лагер партызанскага атрада імя Калініна брыгады “Камсамолец”. Дарослыя займаліся гаспадарчымі справамі, а дзяўчынкі дапамагалі пасвіць жывёлу, даглядалі хворых і параненых.
Пад абаронай партызан жылося параўнальна спакойна, хоць вораг трывожыў пастаянна. Па-сапраўднаму страшна было ў перыяд фашысцкай блакады. Спачатку, адбіваючыся ад націску гітлераўцаў, адыходзілі ў глыб лесу ў складзе атрада, а калі гэта стала немагчыма, паступіў загад выходзіць з акружэння малымі групамі. І калі ўжо здавалася, што пагроза мінула, карнікі знайшлі ўцекачоў. Мама Вольгі кінулася ў лес, але аўтаматная чарга спыніла яе, і жанчына навечна застыла на сонечнай палянцы.
Затрыманых немцы пад дуламі аўтаматаў прыгналі на хутар, зачынілі  ў гумне, аблажылі будынак саломай, і стала зразумела, што гэта канец.
Ды нешта не склалася ў фашыстаў, ці то Бог злітаваўся, але раніцай усіх перапісалі і загадалі ісці дамоў. Падазрона ўсё гэта было, таму цудоўным чынам ацалелыя засталіся ў лесе. Праз два тыдні знайшлі цела маці, пахавалі і да вызвалення Чырвонай Арміяй заставаліся ў партызанскім атрадзе. Старэйшы брат яшчэ паваяваў на фронце. Вярнуўся з вайны жывы, а Вольга працавала ў паляводстве ў калгасе.
Не стала на свеце бацькі, памерлі браты, і засталася Вольга Іосіфаўна адна на белым свеце. Атрымлівае добрую пенсію, што-кольвечы можа зрабіць каля дома, а ўвогуле тры разы на тыдзень яе наведвае сацыяльны работнік, дапамагае.
З усіх святочных дзён календара Вольга Іосіфаўна важнейшым лічыць Дзень Перамогі, 70-годдзе якой мы адзначаем сёлета, і мае на гэта поўнае права, бо як магла набліжала яго нароўні з мужчынамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.