Формула яе жыцця

1 Нагорная

Лідзія Іосіфаўна Нагорная, любімая і паважаная жыхарамі Карэліцкага краю, адзначыла 70-гадовы юбілей. Дата значная, якая дае падставу ацаніць пражытае: ці правільна была выведзена тая адзіная формула жыцця, якая прыносіць шчасце быць любімай людзьмі, дае права грэць сэрца іх пашанай і ўдзячнай памяццю. Скажу адназначна (упэўнена, што маю думку падтрымаюць усе, хто ведае Лідзію Іосіфаўну): формула яе жыцця вызначана, мабыць, самім Богам, бо заснавана яна на адвечным імкненні дапамагаць людзям, дзяліць пароўну іх радасці і нягоды, саграваць клопатам і ўвагай. Пачынаючы з першых дзён працоўнай дзейнасці, калі настаўнічала ў Кузьміцкай васьмігадовай школе, што на Дзятлаўшчыне, калі працавала старшынёй Паланаеўскага сельсавета, сакратаром, кіраўніком спраў Карэліцкага райвыканкама, а з 1995 года да выхаду на пенсію — старшынёй раённага Савета дэпутатаў, узначальваючы пры гэтым раённы савет жанчын, Лідзія Іосіфаўна ні разу не здрадзіла абранай лёсавай формуле — жыць для людзей — і застаецца вернай ёй. Няхай гэты артыкул, вытканы, быццам сонечнымі промнікамі, шчырымі словамі людзей, сагрэтых яе увагай, клопатам і цяплом, стане для яе нашым усеагульным падарункам да юбілею, а для многіх кіраўнікоў (асабліва пачынаючых) — урокам-даведнікам пры вызначэнні формулы жыцця.
“Лідзія Іосіфаўна для мяне асабіста, — дзеліцца думкамі дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А. М. Навумовіч, — сапраўдны Настаўнік на жыццёвым шляху, у прафесійнай дзейнасці. Я ўдзячны лёсу, што мне давялося працаваць побач з гэтай цудоўнай жанчынай, у якой вучыўся многаму. Яна валодала незвычайным уменнем узаемадзейнічаць з маладымі спецыялістамі, яе высокі прафесіяналізм служыў своеасаблівым маяком для іх. Мой кар’ерны рост пачаўся таксама з лёгкай падачы Лідзіі Іосіфаўны, калі па яе прапанове і дапамозе на базе Красненскай СШ, дзе я працаваў дырэктарам, была праведзена выязная сесія раённага Савета дэпутатаў. Змяніўшы пазней Лідзію Іосіфаўну на яе пасадзе, не раз атрымліваў слушныя парады ад сваёй Настаўніцы, стараўся захаваць тое каштоўнае, што было напрацавана ёю і ўкаранялася па ўсёй Гродзенскай вобласці: інстытут сельскіх стараст, правядзенне сельскіх сходаў, злёты салдацкіх удоў, дзейнасць клуба даярак пяці- і сямітысячніц, святы вёсак і многае іншае. Яна заўсёды рэагавала на звароты грамадзян, трымала іх на кантролі, дабівалася абавязковага іх выканання, што стала каштоўнай навукай для мяне”.
Адзінадушныя ў сваіх выказваннях старшыня Карэліцкага райвыканкама В. Л. Шайбак і старшыня раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадаў: “Лідзія Іосіфаўна народжана працаваць і жыць для людзей, заўсёды быць побач з імі. Нават знаходзячыся на заслужаным адпачынку, яна актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна, па-добраму радуецца яго поспехам, суперажывае, калі ўзнікаюць часовыя няўдачы. Не аднаму кіраўніку даў гэты цудоўны чалавек пуцёўку ў жыццё, за што ёй многія ўдзячны, мы таксама. Сваімі адносінамі да службовых абавязкаў яна выхоўвала ўсіх нас і задала такую высокую планку ў працы, што не дае права супакойвацца, а, наадварот, стымулюе імкненне ісці ў нагу з часам. Мы яе глыбока паважаем, любім і жадаем аднаго: моцнага здароўя, і каб была яна доўга-доўга карыснай людзям”.
“Што за душа ў гэтай жанчыны? — са слязьмі на вачах кажа стараста вёскі Новыя Руткавічы А. М. Гоцка. — Нізкі паклон за яе душэўныя адносіны да людзей, за разуменне праблем простага чалавека, за нераўнадушша”.
Маці загінулага ў Афганістане сына, Я. В. Федарака, усхвалявана дабаўляе: “Яе кабінет не быў кабінетам для кіраўніка. Гэта быў кабінет для людзей. Тут можна было выплакацца, знайсці паратунак ад гора: заўсёды выслухае, знойдзе час, нягледзячы на занятасць, пранікнецца людской праблемай, аберажэ, дапаможа. Мы ўсе яе памятаем і дасылаем сваю ўдзячнасць”.
“Знайдзіце самыя лепшыя і прыгожыя словы ў адрас нашай Лідзіі Іосіфаўны, — папрасілі Герой Сацыялістычнай Працы Т. Р. Арда і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР В. П. Напорка. — Яе адносіны да людзей — навука для сённяшніх маладых кіраўнікоў. Яна была для нас, простых работнікаў, сваёй. Зойдзе, распытае, як і што, не пакіне адзін на адзін з узніклай праблемай. Дабрыня, увага, душэўнасць Лідзіі Іосіфаўны былі шчырымі і па-свойму лячылі людскія сэрцы”.
Успаміны былых членаў раённага савета жанчын А. І. Макар і Г. І. Кітун у многім супадаюць: “Цяжка выказаць словамі ўдзячнасць і захапленне, ацэнку душэўных якасцей Лідзіі Іосіфаўны, — кажа Аліна Іванаўна Макар. — І ў бядзе, і ў радасці мы звярталіся заўсёды да яе, бо ведалі, яна зразумее і дапаможа. Чалавечнасць — вось галоўная рыса яе характару. Раённы савет жанчын, узначалены ёю, быў лепшым не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы”. Ганна Іванаўна Кітун хвалюецца ў час размовы: “Я да скону дзён не перастану маліцца за здароўе Лідзіі Іосіфаўны, для мяне асабіста, маёй сям’і, для дзясяткаў людзей яна зрабіла ў цяжкія для іх хвіліны немагчымае. Толькі за прыезд у раён сталічных свяціл ад медыцыны, каб даць бясплатныя кансультацыі хворым, людзі да сённяшняга дня ўдзячны Л. І. Нагорнай”.
Да гэтых шчырых слоў далучаецца былая звеннявая па льну СВК імя Чарняхоўскага Н. С. Свірыд: “Залаты чалавек, такіх мала на свеце. Я б прапала, каб не Лідзія Іосіфаўна ды Віктар Леанідавіч Шайбак. Калі ўзнікла пытанне аб аперацыі ў Мінску, дзякуючы ім, мяне, простую калгасніцу, лячылі, як каралеву. Нізкі паклон вам, родныя. Бывала, прыйдзе на поле, дзе мы звяном лён падымаем, абніме кожную, як родную, пацалуе, распытае. А яе словы: “Лапушка мая”. Скажыце, вы чулі ад каго столькі ласкі і пяшчоты? Паболей бы такіх кіраўнікоў”.
“Яна лячыла нас сваёй душою, — успамінае выдатнік, заслужаны работнік аховы здароўя БССР, былая загадчыца Ушанскага ФАПа Н. М. Каробка. — Не знайду слоў, каб расказаць пра яе залатое сэрца, пра яе дабрэйшую душу, спагадлівую, няўрымслівую, добразычлівую. Уражвала яе працалюбства. Гэта граматны, ветлівы, высокай годнасці чалавек. Я да сённяшняга часу памятаю яе дапамогу пры ўстаноўцы тэлефона на ФАПе, ды й падобных было нямала. І заўсёды Лідзія Іосіфаўна была памочніцай у іх вырашэнні: чаго каштавала ёй дабіцца, каб пасля закрыцця ў 1990 годзе мясцовага радзільнага дома ў памяшканні замацавалі пакой за ФАПам, дзе акушэр-гінеколаг мог бы весці прыём жанчын! Для яе не было дробных пытанняў, калі яны тычыліся простага чалавека. Душэўная, надзейная, валодае рэдкім уменнем разумець людзей, — шчыра зазначае стараста в. Мірацічы Каралько Н. С. “Прафесіянал вышэйшага класа, які ад прыроды надзелены пачуццём адказнасці і адданасці справе. Заўсёды несла зайздросны пазітыў, які дапамагаў у працы, — прызнаўся былы старшыня калгаса “Маяк” С. В. Лычкоўскі. “Ведаеце, — кажа старшыня СВК “Лукі-Агра” М. А. Гавіна, — што каштоўнае ў асобе Лідзіі Іосіфаўны? Па-першае, пачуццё павагі да моладзі, нейкае ўнутранае прадбачанне сутнасці кожнага чалавека. Для яе не існавала раздзялення: я — кіраўнік, ты — радавы. Не, з людзьмі яна заўсёды была і ёсць на роўных. Дзе добра выканана работа, пахваліць, дзе трэба, зробіць заўвагу, цвёрда патрабуе. Мы вучыліся ў яе тактоўнасці і надзейнасці”. Такое ж меркаванне прагучала ў словах старшынь Варанчанскага сельскага Савета С. П. Баранава, Малюшыцкага — В. А. Дзірвука, Лукскага — Л. І. Ваўчок, якія ў сваю чаргу зазначылі: “Шкадавала нас, дапамагала, але ўмела і строга патрабаваць, быць справядліва прынцыповай. Мы да гэтай пары падтрымліваем сувязь з Лідзіяй Іосіфаўнай, раімся з ёю, просім парады”. Старшыня Красненскага сельсавета Т. М. Лейка коратка выказалася: “Мяне Лідзія Іосіфаўна выхавала, навучыла, стала Настаўніцай па жыцці, сяброўкай, другой мамай і да сённяшняга дня засталася дарадчыцай, мудрай, шчырай, надзейнай”. “У яе ніколі не існавала казёншчыны ў справах — толькі чалавечнасць і дабрыня, — зазначае старшыня раённага Савета сельскіх старастаў П. П. Мацук з в. Скорычы. — Падначаленыя паважалі Лідзію Іосіфаўну за справядлівасць, патрабавальнасць, за рэдкі прынцып у сваёй працы: кіраваць не з кабінета, а толькі з пазіцый жывога яднання з насельніцтвам, пастаяннага кантакту з людзьмі!
Чым яшчэ можна дапоўніць формулу жыцця Лідзіі Іосіфаўны Нагорнай, гаючасць якой адчула на асабістым лёсе: і ў незабыўныя хвіліны, калі разам наведвалі хаты, дзе жылі салдацкія ўдовы, калі рыхтавалі святочную праграму сустрэч з імі, вечарын “Ад усёй душы”, калі разам плакалі, слухаючы ўспаміны перажыўшых многае людзей? Усяго не перадаць. Вось чаму поўнасцю згодна з думкамі І. М. Шматко, былога старшыні Карэліцкага райвыканкама: “Чым Бог можа самым лепшым узнагародзіць чалавека, ён узнагародзіў Лідзію Іосіфаўну. У ёй прысутнічаў зайздросны талент аб’ядноўваць людзей на справы дзеля карысці, для іх саміх. Менавіта дзякуючы гэтаму былі добраўпарадкаваны могілкі на тэрыторыі раёна. Любая ініцыятыва, якая зыходзіла ад яе, была ад душы, таму ўспрымалася насельніцтвам з разуменнем, таму што кожная з іх мела выхаваўчы фактар: устанаўленне ўзаемаадносін з Краснагорскам (Расія), Манькоўкай (Украіна), Тукумсам (Латвія) паслужыла цеснаму кантакту моладзі з гэтых рэгіёнаў. Вось вам і вырашэнне інтэрнацыянальнай палітыкі. Многае можна было б прывесці ў доказ неардынарнасці асобы Лідзіі Іосіфаўны, з якой мне было камфортна працаваць, якую памятаю і глыбока паважаю. Формула яе жыцця — урок пакаленням, як у складаных сітуацыях знайсці правільны выбар і стаць для людзей патрэбным”.
Можна было б да ўсяго сказанага зрабіць пералік шматлікіх узнагарод рэспубліканскага, абласнога, раённага маштабу, што заняло б нямала месца. А я хачу назваць яшчэ адну, мабыць, галоўную каштоўнасць жыццёвай формулы Лідзіі Іосіфаўны, на жаль, сёння, забываемай некаторымі — даражыць сям’ёй, раднёй і роднымі каранямі. Зайздросная ўзаемапавага, узаемаразуменне з мужам Адамам Канстанцінавічам, яе галоўнай апорай у жыцці, з сёстрамі, з пляменнікамі — рэдкая, павучальная для ўсіх. Да таго ж Лідзія Іосіфаўна — цудоўнейшая гаспадыня, сяброўка, суседка і, наогул, прыгожы духоўна Чалавек.
Галіна КАЛТУНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.