Калі зайгралі “Кацюшы”

деды 044

На вуліцы з прыгожай назвай Садовая ў вёсцы Трошчыцы жыве добра вядомы ў мясцовым асяроддзі ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Цімафеевіч Забенька. Рухавы, нягледзячы на ўзрост, сціплы чалавек, адзначае 18 красавіка 90-гадовы юбілей. Сімвалічна, што асабістае свята яго супадае са святам усенародным — 70-годдзем Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.

Свае “універсітэты” Міша Забенька праходзіў у сям’і, дзе разам жылі дзядуля, бабуля, бацька, маці, дзве старэйшыя сястры і брат. Міша самы малодшы, восьмы ў сям’і.

Каб прыдбаць зямлі для дзяцей, бацька хадзіў у заробкі да пана, а з уласнай гаспадаркай упраўляўся дзед. Кожны меў свой адказны занятак. А Мішу аддалі ў школу. З першага класа яму даручылі пасвіць жывёлу, так было заведзена.

Вучыўся хлопчык выдатна і, калі закончыў чатыры класы польскай школы ў Луках, настаўнік паклікаў бацьку і кажа: “Разумны хлопец. Трэба яму вучыцца далей”. І бацька паслаў сына прадаўжаць вучобу ў пятым класе Карэліцкай школы.

Пасля шостага класа, — успамінае М. Ц. Забенька, — прыйшлі Саветы і мяне з сёмага класа адсадзілі ў пяты, бо ніхто не ўмеў ні чытаць, ні пісаць па-руску. Пасля шостага класа пачалася вайна.

Наша вёска была партызанская. Ніводзін чалавек з Лук не быў у паліцыі, змагаліся толькі ў партызанах. Часам па некалькі дзён адпачывалі ў вёсцы. Народнымі мсціўцамі былі і нашы родныя, некаторыя пайшлі ў лес з сем’ямі.

А як толькі раён вызвалілі, пачалася мабілізацыя ў Чырвоную Армію. У адзін дзень з Лук прызвалі 168 чалавек. Адвезлі ў Разань у вучэбнае падраздзяленне, дзе за восем дзён я стаў першым нумарам разліку кулямёта Дзегцярова. Тут чакалі адпраўкі на фронт. Ужо і новае абмундзіраванне атрымалі, але замест гэтага навабранцаў водным шляхам, па Волзе, адправілі ў Горкаўскую вобласць. Там я атрымаў новую спецыяльнасць — наводчык мінамёта. Па дарозе на фронт спыніліся ў Маскве, потым праз Мінск шлях пралёг на Маладзечна.

Як добра сцямнела, эшалон адправіўся бліжэй да лініі фронту, а тым часам дыверсанты пусцілі насустрач паражняк з такім разлікам, што сутыкненне цягнікоў адбудзецца на мосце. Яны пралічыліся, састаў з ваеннаслужачымі паспеў праскочыць мост, але катастрофа адбылася.

…Ноч. Цемра. Крыкі параненых. Але панікі не было. Ацалелыя байцы і камандзіры, як маглі, выбіраліся з разбітых вагонаў. З усяго эшалона жывымі засталіся толькі 190 чалавек. Да лініі фронту заставаліся тры кіламетры. Дабраліся туды пешым парадкам. Там ужо папаўненне чакалі. Так я стаў артылерыстам.

Трапіў у склад рэзерву Галоўнага камандавання — дывізію прарыву. Накіравалі ў батарэю, а там адны пажылыя салдаты. У каго чатыры класы адукацыі, у каго тры. Вось камандзір батарэі і кажа: “У цябе сем класаў? Гэта добра! Будзеш тапавылічальнікам”. Паказалі гармату, расказалі яе будову, а практыку, сказалі, у наступленні набудзеце. У ходзе яго многія артылерысты загінулі на мінным полі і мяне назначылі наводчыкам, пазней камандзірам гарматы. А ў разліку маім былі тры пажылыя украінцы, адзін татарын і адзін узбек ва ўзросце пад 50 гадоў. З імі і ваяваў у складзе 2-га Беларускага фронту. Вызвалялі Варшаву, фарсіравалі Віслу і выйшлі на ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Там пад абстрэлам фашысцкіх караблёў мяне і кантузіла.

А потым нас, як рэзерв Галоўнакамандавання, перадалі на 1-ы Беларускі фронт пад камандаваннем Жукава, які рыхтаваўся да наступлення на Берлін. Загадалі выкруціць у першым снарадзе узрывальнік, а замест яго пакласці запіску з наказам нашчадкам, якія некалі будуць ведаць імёны герояў.

Перад наступленнем была сабрана незлічоная колькасць гармат, якія пачыналі артпадрыхтоўку пасля таго, як зайграюць “Кацюшы”. Пасля іх сігналу ўдарыла ўся артылерыя і адначасова былі ўключаны пражэктары, якія не давалі немцам весці прыцэльны агонь па нашых пазіцыях.

А потым былі вулічныя баі ў Берліне. У адным з іх “агонь на сябе” выклікаў камандзір нашага дывізіёна, і контратака гітлераўцаў правалілася з вялікімі для іх стратамі. У тым баі мяне чарговы раз кантузіла, а камандаванне ўзнагародзіла медалём “За адвагу”.

2 мая Берлін капітуляваў. Што цікава, там нас амаль кожны дзень вадзілі на экскурсіі, знаёмілі з горадам, расказвалі і паказвалі пра сталіцу рэйха да вайны, што з ёй сталася пасля яе.

Дзень Перамогі сустрэў я, — працягвае ветэран, — у самым цэнтры Берліна, ля былой рэзідэнцыі кайзераў. Як гэта было добра і радасна. У той момант успомніў, што 18 красавіка быў мой дзень нараджэння, споўнілася 20 гадоў.

 А пасля вайны служыў у Германіі яшчэ чатыры гады. Дамоў вярнуўся ў 1949 годзе і літаральна на другі дзень прапанавалі пасаду ў сельсавеце. У адказ кажу: “Я ж пяць гадоў не быў дома, дайце крыху адпачыць”. Далі. А пазней паступіў у Навагрудскае педвучылішча.

Прыходжу ў райана, а загадчык яго ды і кажа: “Месца ў пачатковых класах няма”. Але паглядзеў на маю салдацкую форму і прапанаваў весці фізкультуру, а даведаўшыся, што служыў у Германіі — і нямецкую мову, накіраваў у Мінакоўскую школу.

У верасні 1950 года пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Антанінай Палікарпаўнай, а ў наступным узялі шлюб. Маем трох сыноў. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Старэйшы стаў настаўнікам, сярэдні — інжынерам-электроншчыкам, малодшы — канструктарам. Жывуць у Мінску, а мы тут.

Мабыць па сваёй прыроднай сціпласці Міхаіл Цімафеевіч змаўчаў пра сваё сямейнае жыццё, але пра гэта нагадала Антаніна Палікарпаўна, якая і пасля 64 гадоў сумеснага жыцця з захапленнем, чуласцю і гонарам характарызуе яго.

— Такога сумленнага, прыстойнага, разумнага чалавека сустрэнеш рэдка. Яго адрознівае ад іншых сціпласць, выключнае няўменне пахваліцца, расказаць пра сябе, але затое ніколі ні з кім не пасварыўся.

А які ён цудоўны сем’янін. Такога не знойдзеш ва ўсёй акрузе. Мы разам пражылі 64 гады і ніводнага разу не пасварыліся. Да ўсіх людзей ён добры, таму ніколі не меў ворагаў, ці хаця б нядобразычліўцаў.

А які бацька — цуд ды і толькі. І бацька, і мужык, я не ведаю, дзе такіх людзей яшчэ знайсці.

Мы не ўмеем крыўдзіць адзін аднаго. І так праз усё жыццё. А каб вы ведалі, як яго сыны любяць, а  нявесткі проста багатвараць…

Не згасла памяць ветэрана, не счарсцвела душа. Яна засталася адкрытай, як сэрца яго і сумленне, для добрых думак, спраў і ўчынкаў дзеля блізкіх ім родных, дзеля ўсяго падрастаючага пакалення, дзеля міру на свеце, якому аддаў лепшыя гады жыцця. І нават у 90 гадоў ён разважлівы і адкрыты для ўсіх людзей.

Станіслаў ЛУКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.