Наша кавалерыйскае юнацтва

деды 035

13 красавіка 2015 года інвалід Вялікай Айчыннай вайны Леанід Іванавіч Коршун адзначае свой 90-ы дзень нараджэння. Жыццёвы шлях ветэрана багата напоўнены гістарычнымі падзеямі. Шмат з іх былі прыемныя і радасныя, але не можа без слёз на вачах Леанід Іванавіч успамінаць пра сваю баявую маладосць.

Калі пачалася вайна, Леаніду давялося развітацца з марай стаць майстрам цалкам мірнай прафесіі — закройшчыка адзення, якую асвойваў з дапамогай дваюраднага брата. Яго старэйшы брат ужо змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе “Камсамольскі”. За гэта карнікі жорстка распраўляліся з партызанскімі сем’ямі. І пасля нападу карнікаў на Лядкі, каб не стаць ахвярамі фашыстаў, Леанід і яго дзевяць таварышаў сталі членамі атрада “Камсамольскі-2”, якім камандаваў М. Л. Буй.

Прызначылі Леаніда Коршуна ў кавалерыйскі ўзвод, які трымаў сувязь з іншымі атрадамі, брыгадамі, партызанскім аэрадромам, нёс службу ў дазорах, вёў разведку.

Небяспека падсцерагала на кожным кроку, і пры выкананні чарговага баявога задання Леанід і яго баявы таварыш Сцяпан Балабановіч трапілі на варожую засаду. У кароткай сутычцы Сцяпан загінуў, а Леаніда параніла.

Падаспеўшая падмога выратавала яго і жорстка адпомсціла фашысцкім памагатым за смерць партызана і здзекі над яго целам.

Удзельнічаў Леанід Коршун у пачатку наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі “Баграціён” у “рэйкавай вайне” на ўчастку чыгункі паміж Коласавам і Негарэлым.

— Нягледзячы на варожыя ўмацаванні ўздоўж яе, — успамінае ветэран, — мы на кавалкі парвалі рэйкі і пусцілі пад адхон варожы эшалон. Потым, калі фашысты пакаціліся на захад, за ноч перакапалі дарогу Сіняўская Слабада—Рудзьма, устроілі завалы з дрэў і арганізавалі засаду, чым прымусілі фашыстаў шукаць іншы шлях для адступлення.

Потым народныя мсціўцы змагаліся з разрозненымі групамі адступаючых фашыстаў, адлоўлівалі здраднікаў, паліцаяў.

Дзве блакады давялося перажыць партызанам і жыхарам сямейнага лагера, але верылі людзі ў перамогу і гэтага дабіліся цаною ахвяр і мучэнняў.

Пасля вызвалення Л. І. Коршун закончыў Дзятлаўскую школу механізацыі сельскай гаспадаркі, тры гады працаваў у МТС камбайнерам і адначасова закончыў 8—10 класы.

Пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках працаваў старшым і галоўным аграномам Навагрудскага і Карэліцкага ўпраўленняў сельскай гаспадаркі, на пенсію выйшаў у калгасе імя Чарняхоўскага. Разам з жонкай Ірынай Фёдараўнай выгадаваў дзвюх дачок, мае столькі ж унукаў і праўнукаў.

— Сёлета мы адзначаем 70-годдзе Вялікай Перамогі, — гаворыць ветэран, — і для мяне гэта найвялікшае свята. Я многа пражыў і многае перажыў, таму са спакойным сумленнем магу глядзець людзям у вочы і казаць, што гэта і я набліжаў перамогу, што ў тым, што 70 гадоў над намі мірнае неба, ёсць і мая заслуга.

Дай Бог, каб нашы нашчадкі ніколі не бачылі вайны!

Станіслаў ЛУКА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.