З рабочай паездкай у Гродзенскую вобласць

207468-01

Любыя рашэнні ў інвестыцыйнай сферы будуць прымацца зыходзячы з прыярытэту фінансавай стабільнасці. Аб гэтым паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць.

Таксама Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што цяпер трэба шукаць рэсурсы для завяршэння ў 2015 годзе і іншых аб’ектаў, з меншай ступенню гатоўнасці. Такім аб’ектам з’яўляецца будуемая малочнатаварная ферма ў Шчучынскім раёне, якую кіраўнік урада наведаў. Андрэй Кабякоў растлумачыў, што гэта ферма не трапіла ў пастанову ўрада па завяршэнні будаўніцтва ў 2015 годзе. “На момант прыняцця рашэння мы зыходзілі з тых рэсурсаў, якія былі. Са з’яўленнем сродкаў у нас з’явяцца дадатковыя магчымасці. І тады мы ў першую чаргу будзем разглядаць менавіта такія аб’екты, дзе ўзровень гатоўнасці дастаткова высокі”, — адзначыў ён.

Дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Барыс Куц паведаміў, што другая чарга малочнатаварнай фермы, якая будуецца цяпер у Шчучынскім раёне, будзе ўводзіцца ў ліпені 2015 года. “У наступным годзе мы плануем поўнасцю завяршыць камплектаванне фермы. Тут будзе больш за 2 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 777 дойных кароў. Плануем надой амаль 7 тыс. кг малака ў год на адну карову”, — паведаміў ён. Барыс Куц падкрэсліў, што для завяршэння другой чаргі аб’екта патрэбна яшчэ Br5 млрд. Усяго на будаўніцтва будзе затрачана каля Br80 млрд.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, рабочая паездка ў Гродзенскую вобласць звязана з інвестыцыйнай праграмай. Аб’екты наведвання розныя — гэта і малочнатаварныя фермы, і свінакомплекс, і дрэваапрацоўчае прадпрыемства “Мастоўдрэў”, але ўсіх іх аб’ядноўвае пытанне эфектыўнасці выкарыстання сродкаў, якія ўкладваюцца. “Пакуль, на жаль, гаварыць аб тым, што ўсе праблемы вырашаны, не даводзіцца”, — канстатаваў Андрэй Кабякоў.

У час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць прэм’ер-міністр наведаў некалькі малочнатаварных ферм у Шчучынскім і Мастоўскім раёнах, дрэваапрацоўчае прадпрыемства ААТ “Мастоўдрэў”, а таксама свінакомплекс, які будуецца ў Ваўкавыскім раёне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.