Мірскі замак і не толькі

линейка+фест 904

Адбылося XIII свята мастацтваў “Мірскі замак”. Канцэрты заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” па традыцыі прайшлі ў Мірскім замку, Доме культуры г. п. Мір, Мікалаеўскім касцёле г. п. Мір, а таксама ў ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” г. п. Карэлічы.

Арганізатарамі свята выступілі Гродзенскі аблвыканкам, Карэліцкі райвыканкам, музей “Замкавы комплекс “Мір “ і заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Цяперашні фэст праходзіў у рамках рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Мы, беларусы — мірныя людзі”, якая прымеркаваная да 70-годдзя Вялікай Перамогі.

— Тое, што адбываецца ў рамках гэтага свята, мае прамое стаўленне да нашай нацыянальнай бяспекі, — адзначыў намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Руслан Юр’евіч Абрамчык падчас прэс-канферэнцыі, якая праходзіла ў Мірскім  сельскім Савеце. — Беларусам пастаянна прыходзіцца даказваць, што мы нацыя, што мы існуем і маем права ажыццяўляць усю паўнату нашага народнага суверэнітэту на сваёй тэрыторыі. У гэтай барацьбе, напэўна, першае месца адводзіцца бітве за розум і душы людзей. Гэтыя крупінкі нашай гісторыка-культурнай спадчыны кожны год уліваюцца ў нашу самасвядомасць намаганнямі музыкалогаў, мастацтвазнаўцаў, калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і, канешне, яго кіраўніка.

Падтрымаў Руслана Юр’евіча і народны артыст Беларусі Міхаіл Якаўлевіч Фінберг:

— Мы працуем і будзем працаваць, не звяртаючы ўвагу на цяжкасці, таму што мы стараемся на карысць Радзімы, дзеля нашых людзей. Мы вельмі рады, што маем магчымасць выступаць у гэтым славутым месцы. На нашых канцэртах у Міры прысутнічае шмат турыстаў. Усё, што яны бачаць і чуюць тут, яны павязуць у многія куткі свету.

Асабістыя словы падзякі за падтрымку ў гэтай нялёгкай справе, калі не сказаць місіі, кіраўнік знакамітага калектыву выказаў губернатару Гродзенскай вобласці У. В. Краўцову, а таксама старшыні Карэліцкага райвыканкама В. Л. Шайбаку.

— Мы, беларусы — мірныя людзі – гэта не лозунг, гэта пачуццё, — уступіла ў гутарку доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Уладзіміраўна Дадзіёмава. — У Міры гэты вокліч мае асаблівы сэнс. А ў музычным міры яшчэ і падвоеную сутнасць, паколькі ў нас у згодзе і міры існуюць розныя творы, розныя стылі і напрамкі. Відавочна роля нашай краіны як міратворца, што лучыць усе нацыі, якія мірна жывуць на Беларусі, усе этнасы, канфесіі і генерацыі, чыю спадчыну мы ўзнаўляем. А ў музыцы мы ажыццяўляем гэты дыялог паміж эпохамі, паміж краінамі.

Вольга Уладзіміраўна таксама адзначыла вельмі важны аспект: фэст прыцягвае ўвагу моладзі. Хочацца спадзявацца, што маладыя людзі, якія выхоўваюцца на духоўных каштоўнасцях, панясуць гэту мірную ініцыятыву і ментальнасць высокадухоўнай нацыі ў будычыню.

Дарэчы, як адзначыў маэстра Фінберг, праца з моладдзю, пошук новых талентаў і выхаванне новых кадраў з’яўляюцца аднымі з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці калектыву.

А галоўнымі падыходамі ў сваёй працы Міхаіл Якаўлевіч лічыць якасць, густ і адказнасць. У тым, што такая формула творчасці дае свой плён, гледачы маглі пераканацца падчас канцэртаў калектыву.

Адкрылася свята мастацтваў канцэртам “Ля замкавых муроў — трубачы Беларусі”, які прайшоў ва ўнутраным дворыку Мірскага замка. Перад гледачамі выступіў ансамбль трубачоў пад кіраўніцтвам Мікалая Волкава. Працягнуў музычную праграму канцэрт “Натхненне” ў выкананні ансамбля кларнетыстаў, флейтыстаў і струннага квартэта. У Доме культуры          г. п. Мір усе жадаючыя змаглі пазнаёміцца з творамі карыфеяў беларускай музыкі ХХ стагоддзя Мікалая Аладава, Пятра Падкавырава і Рыгора Пукста. Выканаўцы: ансамблі флейтыстаў, трубачоў, кларнетыстаў, струнны аркестр, вакальны ансамбль.

Вялікай папулярнасцю карыстаюцца канцэрты, якія традыцыйна праходзяць у касцёле Святога Мікалая ў гарадскім пасёлку Мір. Струнны аркестр і вакальны ансамбль калектыву Фінберга на гэты раз падарылі парафіянам музычную праграму “Вечныя каштоўнасці”.

Святочную кропку фэста паставіў гала-канцэрт у ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” — “Спяваем грамадою ў коле сяброў”. Гледачоў радавалі сваімі песнямі салісты аркестра, шырока вядомыя як у нас на радзіме, так і за мяжой. Сярод іх — Наталля Тамэла, Тэо, Алеся Дзержавец, Прыма-Вера, Яна Старцава, Руслан Мусвідас, Таццяна Глазунова, Аляксандр Салаўёў і іншыя.

Людміла НІКАЛАЙЧУК.

Фота аўтара.

линейка+фест 742

линейка+фест 584

линейка+фест 541

линейка+фест 494

 

Добавить комментарий