З «Полымя» — па жыцці

день семьи 304

У раённай газеты «Полымя» шмат надзейных сяброў. Яны наведваюцца ў рэдакцыю, дзеляцца думкамі, прыносяць і дасылаюць свае артыкулы. Розныя па характару і сваіх поглядах, пазаштатныя аўтары імкнуцца расказаць аб цікавым і хвалюючым, лепшых людзях карэліцкага краю, падказваюць актуальныя тэмы, і рэдакцыя ім удзячна.
Даўнім сябрам раёнкі з’яўляецца Неаніла Васільеўна ДЗЯНЬКЕВІЧ з г. п. Карэлічы. Яна нарадзілася ў вёсцы Новыя Руткавічы. Закончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Вучоны заатэхнік. Працоўны стаж — 41 год, з іх 33 працавала заатэхнікам-селекцыянерам у племзаводзе «Карэлічы».

— Неаніла Васільеўна, як даўно выпісваеце раённую газету «Полымя»?
— Спачатку раёнку выпісваў мой бацька Васіль Мікалаевіч. Ён быў граматным, чытаў шмат літаратуры, меў уласную бібліятэку. Затым раёнку выпісваў старэйшы брат Леанід, які працаваў настаўнікам у школах нашага раёна.
Я пачала выпісваць з 1955 года, калі па камсамольскай пуцёўцы была накіравана на працу ў калгас «Зара камунізму». Па сённяшні дзень сябрую з газетай «Полымя».
— А як даўно падтрымліваеце творчыя сувязі з раёнкай?
— Мой першы верш «Весенний лес» быў надрукаваны пяцьдзесят гадоў таму. Люблю пісаць вершаваныя творы, у мяне іх сабярэцца больш сотні. З дзяцінства палюбіла паэзію, шмат чытала, запамінала паэмы і вершы і цяпер цытую іх радкі.
У кожнага чалавека ёсць сваё захапленне. Адны займаюцца спортам, другія любяць кветкі, а я пішу вершы, імкнуся перадаць на паперы свае радасць і боль душы. Калі ў мяне гэта атрымліваецца, то задаволена. Спадзяюся, што камусьці вершы спадабаюцца.
— Вы таксама пішаце артыкулы, якія прысвечаны чалавеку працы. Дзе знаходзіце будучых герояў нарысаў і замалёвак? Якія рысы характару найбольш прыцягваюць у людзях?
— Калі добра ведаю чалавека, яго душэўны стан і дзелавыя якасці, адносіны да акружаючых і працы, паводзіны ў сям’і, то хочацца, каб чытачы раёнкі таксама даведаліся пра яго. У людзях цаню справядлівасць, працалюбства, мэтанакіраванасць. Вельмі добра, што такія яны сустракаюцца ў жыцці. Па-добраму радуюся, бо некаторыя з іх мае суседзі.
— Як часта Вас наведвае натхненне? І ці даводзіцца пісаць, скажам, па просьбе?
— Па заказу не пішу, вершы з’яўляюцца самі па сабе, прыходзіць натхненне і стараюся занатаваць радкі на паперы. Іншы раз проста хочацца апісаць падзеі.
— Вы пішаце на роднай мове. Ваша стаўленне да яе?
— Я з дяцінства люблю матчыну мову, чула як задоўга да таго, пакуль навучылася чытаць. На ёй размаўлялі нашы бацькі і дзяды. Гэта сапраўды вялікі скарб, і яго трэба імкнуцца захаваць.
— Вы мяркуеце і ў далейшым падтрымліваць творчыя сувязі з раёнкай?
— Калі будуць друкаваць, то буду дасылаць надалей свае вершы і артыкулы ў газету.
Мяркую ўдзельнічаць у раённым літаратурным конкурсе «Слова аб зямлі Карэліцкай» да 75-годдзя ўтварэння Карэліцкага раёна.
— На Ваш погляд, каб «Полымя» стала больш папулярнай сярод жыхароў і гасцей Карэліччыны, да якіх тэм трэба найчасцей звяртацца?
— На мой погляд, трэба пастаянна ўдзяляць увагу маладзёжнай тэматыцы і пісаць пра маладых, якія прыязджаюць на працу ў наш раён. А таксама — пра дасягненні калектываў раёна і простых працаўнікоў, якія ствараюць даброты жыцця. Раённая газета «Полымя» была і павінна заставацца любімым выданнем яе жыхароў.полымя 003полымя 003

Добавить комментарий