Хвала і пашана табе, хлебароб!

Жніво-2015 застанецца ў памяці тых, хто працаваў на ўборцы ўраджаю, як пара спякотная, але прыемная. Сёлета на Карэліччыне атрымалі выдатны ўраджай зерневых і зернебабовых культур. І вось настаў час аднаго са старажытных святаў, падчас якога беларусы дзякавалі зямлі за новы ўраджай хлеба.
У сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Лукі-Агра» адсвяткавалі «Дажынкі».
Распачала свята намеснік старшыні СВК «Лукі-Агра» па ідэалагічнай рабоце Наталія Васільеўна Мардзіловіч, якая адзначыла, што сялянскаму роду няма пераводу, бо селянін корміць хлебам увесь свет. Пакуль на зямлі ёсць селянін-працаўнік — будзе хлеб, будзе жыццё.
л 233Хлебароб! Святое слова! Гонар усіх часоў і народаў! Яны першымі на золку вітаюць ніву, кланяюцца ёй, шануюць яе, а пасля, стомленыя працай, апошнімі развітваюцца з сонейкам.
Прыемным сюрпрызам для прысутных стаў прагляд відэафільма, які даў магчымасць яшчэ раз убачыць вынікі работы гаспадаркі за 12 гадоў. За гэты час з’явіліся новыя тэхналогіі і падыходы ў галіне раслінаводства, а тэхніка стала энерганасычанай.
Сёлетнія паказчыкі гавораць самі за сябе. У гаспадарцы ўбрана 1 879 га зерневых і зернебабовых, ураджайнасць склала 76,2 ц/га. У капілку ўсёй краіны ўнесена 14 322 т зярна і 630 т рапса. Усе разам выдатна працавалі і атрымалі добры ўраджай. Яго сімвалам стаў каравай, які з пашанай быў вынесены на сцэну і ўручаны старшыні гаспадаркі М. А. Гавіне (на фота). Звяртаючыся да прысутных, Мікалай Аляксандравіч зазначыў, што сёлетні ўраджай зерневых і зернебабовых рэкордны, а таксама падзякаваў усім за працу.
Дарам Божым называлі хлеб нашыя продкі, яны адносіліся да яго з вялікай пашанай і лічылі галоўным багаццем. І вось на сцэну запрашаюцца тыя, хто сеяў зерне, даглядаў пасевы, хто жаў і малаціў, хто ад раніцы да вечара працаваў на сяўбе і ўборцы і дабіўся найлепшых вынікаў. Сярод іх: Т. М. і А. М. Штэйн, А. М. Зусько і Р. А. Анікій, В. В. і Д. В. Шымка, У. М. і Ю. М. Тананка, С. А. Максімовіч і І. У. Мардзіловіч, Ю. С. Лазарчук і В. В. Чыжык, М. В. Яцкевіч і А. М. Шастакоў. Ім уручаюцца падзякі і грашовыя прэміі. Камбайнер — галоўная фігура на зямлі. Поспех і вынікі хлебаробскай працы ў многім залежаць ад яго.
Але сабранае зерне яшчэ патрэбна перавесці на далейшую перапрацоўку. І тут працоўную эстафету пераймаюць вадзіцелі: С. М. Валько, І. А. Шыран, С. Ф. Анікій, В. Б. Богуш, А. У. Ваўчок, М. В. Тананка, А. А. Самец, А В. Самец, А. А. Нямарскі.
Дарэчы, на свяце падзякі і грашовыя прэміі атрымалі ўсе ўдзельнікі гарачай пары, ад камбайнера да раздатчыцы абедаў.
Гучалі прыемныя словы падзякі і віншаванні ад галоўных спецыялістаў гаспадаркі, работнікі культуры дарылі свае музычныя нумары. Адметным стала тое, што ўсім, хто выходзіў на сцэну аддзела культуры і вольнага часу «Лукскі Дом культуры», былі ўручаны спецыяльна падрыхтаваныя значкі, прысвечаныя 500-годдзю з дня першага ўпамінання вёскі Лукі.
л 266 л 325 л 331 л 354Іна МІХАЙЛАВА. Фота аўтара.

Добавить комментарий