Будучыня за маладымі!

досрочное 011

8 кастрычніка. Чацвер. Дзяржаўная ўстанова “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”. Выбарчы ўчастак для галасавання № 2.  У 10 гадзін тут шматлюдна. Актыўна прыходзяць выбаршчыкі, каб аддаць свой голас за  Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Знаёмлюся з адным з самых маладых выбаршчыкаў. Сяргей Мурадзілжонавіч Сідзікаў — навучэнец 228 групы ўстановы адукацыі “Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй”. Ён вучыцца па спецыяльнасці машыніст крана аўтамабільнага; вадзіцель катэгорыі “С”; газаэлектразваршчык.

“Паступіў у будаўнічы ліцэй, каб атрымаць патрэбныя ў народнай гаспадарцы прафесіі ды пасля заканчэння ўстановы буду мець выбар пры ўладкаванні на працу. Я прыйшоў прагаласаваць за сваё стабільнае будучае. Хочацца, каб заўсёды была праца і можна было зарабіць, пабудаваць дом, стварыць сям’ю і выхаваць дзяцей. Таксама галасую за мір і спакой на зямлі”, — гаворыць юнак.

Маладому выбаршчыку ўручаюцца сувеніры і святочная паштоўка за подпісам старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Л. М. Ярмошынай. У ёй зварот: “Паважаны выбаршчык! У 18 гадоў за грамадзянамі нашай краіны замацоўваецца права самастойна выбіраць чалавека, які будзе кіраваць ад іх імя дзяржавай. Вы ўпершыню ідзяце галасаваць, упершыню карыстаецеся сваім грамадзянскім правам выбіраць дастойнага кандыдата, які будзе прадстаўляць Вас, Вашы інтарэсы, Вашы запыты.

Удзел у выбарах — гэта не проста важнейшае канстытуцыйнае права, але і падзея, якая патрабуе ад яго ўдзельнікаў палітычнай адказнасці за свае дзеянні. Галасуючы, Вы ўдзельнічаеце ў добраахвотнай і бязвыплатнай рабоце па паляпшэнню жыцця нашай краіны.

Шчыра дзякую за ўдзел у выбарах, за клопат пра будучае Беларусі, за актыўную грамадзянскую пазіцыю, за жаданне захаваць стабільнасць і працягваць рух наперад!”

Як праводзяцца выбары на ўчастку для галасавання, пацікавілася ў Іны Аляксандраўны Богуш, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама, якая з’яўляецца назіральнікам ад Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Назіральнік сцвярджала, што карэліччане прымаюць актыўны ўдзел у датэрміновым галасаванні. Выбарчы ўчастак падрыхтаваны да галасавання, на ім ёсць усё неабходнае: інфармацыя пра кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, куток выбаршчыка, абсталяваныя кабіны для тайнага галасавання. Члены камісіі добразычліва і ветліва сустракаюць выбаршчыкаў і даюць неабходную інфармацыю. Бюлетэні выдаюцца па прадстаўленні дакумента, які пацвярджае асобу. Для слабабачачых выбаршчыкаў прадугледжаны лупы. Адным словам, датэрміновае галасаванне праходзіць згодна з Выбарчым Кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Старшыня ўчастка для галасавання № 2 г. п. Карэлічы Валянціна Міхайлаўна Сіўко зазначыла, што выбарчы ўчастак пачаў работу згодна з графікам работы, датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праходзіць з 6 кастрычніка 2015 года з 10 гадзін, карэліччане актыўна прыходзяць галасаваць, а члены выбарчай камісіі імкнуцца зрабіць усё для таго, каб выбарчая кампанія прайшла на высокім узроўні.

Падрыхтавала

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота

Святланы ВАШЧЫЛА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.