Дасягнуў пастаўленай мэты

неза

Правільны выбар

Ігар нарадзіўся ў Карэлічах. Пасля васьмі класаў Карэліцкай сярэдняй школы паступіў у Лідскае музычнае вучылішча. Пасля заканчэння навучальнай установы праходзіў службу на ваенна-марскім флоце і тры гады аддаў ёй. У 1989 годзе Ігар Аляксандравіч Санчук быў прыняты на працу ў Карэліцкую музычную школу на пасаду выкладчыка па класу балалайкі. Калі адкрываўся філіял музычнай школы пры Красненскім ЦДК, то ўладкаваўся і сюды. “Быў за тэарэтыка і спецыяліста, і  адначасова працаваў у Карэлічах”, — успамінае суразмоўца.

Аб сваім выбары ён ніколі не пашкадаваў, верна служыў і служыць абранай прафесіі.  Мілы сэрцу куточак, з якім звязаў свой лёс, любіць: па-першае, тут жывуць бацькі, па-другое, унікальная прырода, па-трэцяе, ён сярод сваіх людзей. І не менш важна: тут з’явілася мэта ў жыцці — стварыць дзіцячы вакальна-інструментальны ансамбль, якую ўдалося дасягнуць.

Дарагія і любімыя людзі

— Мама Антаніна Іванаўна — самы дарагі і родны чалавек, — прызнаецца Ігар Аляксандравіч. — Да таго ж, яна аказала пэўны ўплыў на выбар маёй прафесіі. Удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці раёна, і я з дзяцінства слухаў яе выступленні.

Бацька Аляксандр Канстанцінавіч вызначаецца не толькі невычэрпнай дабрынёй, але і цвёрдым характарам. З дзяцінства прывіваў сыну любоў да працы, знаёміў з таямніцамі прыроды.

У музыцы — сэнс жыцця

У Ігара Аляксандравіча толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы — усё жыццё звязана з Карэліцкай музычнай школай.

— Ёсць у маім жыцці чалавек, якім ганаруся, — гаворыць ён. — Гэта першы настаўнік Марыя Уладзіміраўна Бажко, якая прывіла любоў да музыкі. Яна прадаўжае працаваць у Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў, і мне не сорамна глядзець ёй у вочы.

У 1991 годзе ўпершыню з’явілася спроба стварыць вакальна-інструментальны ансамбль. Атрымалі апаратуру і інструменты дзякуючы дырэктару Карэліцкай музычнай школы Іосіфу Станіслававічу Улану. Адбылося некалькі выступленняў на карэліцкай сцэне, потым  наступіў перапынак.

У 2005 годзе пры падтрымцы загадчыка аддзела культуры райвыканкама Нэлі Аляксандраўны Маісеенка набылі больш якасныя музычныя інструменты і апаратуру. Была сабрана першая група ўдзельнікаў вакальна-інструментальнага ансамбля. Калі прайшлі першыя выступленні, то ў ансамбля з’явілася назва “Рэпрыза”. Прымалі ўдзел у мерапрыемствах раёна. Неўзабаве ўдзельнікі пачалі змяняцца, быў сабраны новы састаў. Група стала насіць назву “Цэнтр”.

— За пяць гадоў дасягнута шмат перамог на фестывалях і конкурсах, — прызнаецца Ігар Аляксандравіч. — Групу палюбіла наша моладзь, ні адзін канцэрт не абыходзіцца без яе выступлення. Як кіраўнік, хачу выказаць словы ўдзячнасці бацькам удзельнікаў за ўзаемаразуменне і выхаванне ў дзяцей любові да музыкі. Я ганаруся сваімі выхаванцамі Паўлам Арцюхом і Марынай Баршчовай, якія сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Працягваюць пачатую справу Аляксандр Сянько, Кірыл Санчук, Ірына Арцюх, Ілья Высоцкі, Вольга Таранда.

“У нас гэта сямейнае”

У сям’і Санчук моцна любяць музыку. Ахвотна абмяркоўваюць кожнае выступленне як у раёне, так і за яго межамі. Штодзень жывуць ёй — ёсць свае выканаўцы і свае слухачы.

— У нас гэта сямейнае, — прызнаецца галава сям’і. — Прымалі ўдзел у абласным конкурсе “Творчая сям’я” і занялі першае месца.

Сын Кірыл закончыў Карэліцкую дзіцячую школу мастацтваў па класу балалайкі, стаў лаўрэатам абласнога конкурсу імя Горскага ў г. Ліда. У дадзены момант вельмі сур’ёзна захапляецца ўдарнымі інструментамі, вучыцца ў 11 класе ДУА “Гімназія № 1 г. п. Карэлічы”.

Старэйшы сын Раман закончыў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. На працягу ўсёй вучобы ў гімназіі і вну яго жыццё было звязана з музыкай, выступаў у новым накірунку рэп.

— Хацелася б, каб сыны знайшлі сябе ў жыцці, — гаворыць бацька. — Каб былі культурна адукаванымі і добрасумленнымі людзьмі, і я змог бы ганарыцца іх дасягненнямі.

 Хочацца выказаць словы ўдзячнасці за ўзаемаразуменне і падтрымку кіраўнікам майго творчага звяна — начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Нэлі Аляксандраўне Маісеенка і дырэктару ДУА “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў” Сняжанне Юр’еўне Зубовіч. Усіх работнікаў культуры раёна віншую з прафесійным святам і жадаю здароўя, любові, цяпла.

Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.