Памятаюць пра пажылых людзей

день пожилых людей 013 день пожилых людей 122

Дзень пажылых людзей — дата ў календары, якая нагадвае пра тое, што ў гэты дзень, як і ва ўсе астатнія, трэба праяўляць пра іх клопат — тэлефанаваць, цікавіцца здароўем, наведвацца дамоў. Застаючыся сам насам, яны чакаюць такой увагі, а маладым іх мудрыя парады пойдуць на карысць.

З гэтай нагоды было арганізавана святочнае мерапрыемства ў ДУК “Карэліцкі маладзёжны Цэнтр культуры”. Сустрэча ўскалыхнула сэрцы прысутных і выклікала шмат пазітыўных эмоцый.

У сваёй прамове намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта  Р. Ю. Абрамчык расказаў пра ролю пажылога чалавека на сучасным этапе і клопат дзяржавы пра іх. “Пакуль чалавек творыць, ён захоўвае яснасць розуму, — падкрэсліў прамоўца. — Важна, каб кожны змог знайсці сабе справу па душы”.

Руслан Юр’евіч пажадаў пажылым людзям доўгіх гадоў паўнацэннага жыцця, моцнага здароўя, творчых поспехаў, здзяйснення задумак. І не менш важна, каб паміж імі заўжды панавалі сяброўскія ўзаемаадносіны і яны былі рады кожнай новай сустрэчы.

Канцэртная праграма прыйшлася даспадобы ўдзельнікам святочнага мерапрыемства.  Музычныя і вершаваныя творы выканаўцаў былі ўдала падабраны, многія з іх вярталі ў далёкую маладосць: “Моя черноока”, “За прыгоркам, за сялом” (мужчынская вакальная група ветэранаў  працы ДУ “Карэліцкі РЦК і НТ”), “Уральская рябинушка” (жаночая вакальная група ЦСАН), “На горе колхоз” (Галіна Кузьміч), “Дед и интернет”(Васіль Чартко). Не пакінулі раўнадушнымі і сучасныя песні: “Белый пух” (Руслан Ганчароў), “Ну, где ты, любовь моя?” (Максім Кудзін), “Лаванда” (Алеся Швабовіч).

Пранікнёныя словы вядучай, метадыста ДУ “Карэліцкі РЦК і НТ” В. І. Герасімавай, дапаўнялі выступленні ўдзельнікаў урачыстасці і шырэй раскрывалі сутнасць Дня пажылых людзей.

Увазе прысутных быў прадэманстраваны фільм.

У фае арганізавана выстава работ аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” на тэму “Нам няма калі сумаваць”.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий