За прыступкай – прыступка

СВК “Маяк-Заполле” рэканструюе свінатаварны комплекс пры в. Камаровічы, паляпшае ўмовы ўтрымання дойнага статку, турбуецца пра свае палеткі, сёлеташні і будучы ўраджай. У гаспадарцы ведаюць: адкочвацца назад нельга, трэба дасягаць новых пазітыўных рэзультатаў. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці карэспандэнт газеты “Полымя” пацікавілася, як жыве і развіваецца кааператыў.

маяк 009“Свінагадоўля павінна быць рэнтабельнай”
Будоўля года ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Маяк-Заполле” ідзе на старым свінакомплексе пры в. Камаровічы, які мадэрнізуецца пад ферму для адкорму маладняку свіней на 27 тысяч галоў. “Кошт праекта рэканструкцыі свінакомплексу – 124 млрд 347 млн рублёў. Зараз аб’ём работ, што запланаваны на аб’екце па праектна-каштарыснай дакументацыі, выкананы на 33 працэнты, – паведамляе старшыня СВК “Маяк-Заполле” Віктар Віктаравіч Маковік і дадае: – Увод фермы ў эксплуатацыю чакаецца 31снежня 2015 года”.
На комплекс пры Камаровічах маладняк вагой 30-35 кілаграм будзе паступаць з племфермы калгаса імя Чарняхоўскага. “Наша гаспадарка ўжо выдзяліла 4 млрд рублёў на тое, каб закупіць матачнае пагалоўе свіней для племфермы і рэпрадуктара пры в. Тарасавічы. Крыху пазней менавіта там СВК пачне набываць маладняк. На нашым жа свінакомплексе яго будуць гадаваць і адкормліваць чатыры месяцы, пакуль вага адной галавы не складзе 105-110 кілаграм. Здаваць жывёлу на ААТ “Ваўкавыскі мясакамбінат” плануем жывой вагой”, – зазначае старшыня СВК “Маяк-Заполле” Віктар Маковік.
У гаспадарцы спадзяюцца, што новая лінія па адкорму свіней дазволіць СВК мець дадатковы чысты прыбытак і палепшыць свае эканамічныя паказчыкі. “Свінагадоўля павінна быць рэнтабельнай”, – кажа Віктар Віктаравіч.
Замест 50 працаўнікоў абслугоўваць комплекс будуць 29. Умовы працы значна зменяцца. “Шмат аперацый механізуюць, – працягвае старшыня. – Чакаем нядрэнны эканамічны эфект ад інвестыцый”.
“Плануем павялічыць прадуктыўнасць дойнага статку”маяк 021У цяперашні час гаспадарка таксама працягвае абнаўляць фермы, дзе ўтрымліваецца дойны статак СВК. “Канечне, у гэтым годзе больш увагі ўдзяляецца свінакомплексу, аднак рэканструкцыя малочных фермне спыняецца”, – адзначае Віктар Віктаравіч Маковік. Па словах старшыні, зараз заканчваюцца работы на МТФ “Востухава”, на мадэрнізацыю ўжо выдаткавана 1,7 млрд рублёў уласных сродкаў СВК “Маяк-Заполле”.
“На ферме з’явіліся асобныя памяшканні для ўтрымання цялушак і бычкоў. Будуецца пляцоўка для выпасу жывёлы. Зроблены раздзявалка, пакой для харчавання”, – расказвае кіраўнік МТФ “Востухава” Клаўдзія Аляксандраўна Ражко. Яе каманда даглядае 1051 галаву буйной рагатай жывёлы, у тым ліку і 346 галоў дойнага статку.
“Валавы надой малака на ферме за 9 месяцаў 2015 года павялічыўся на 82 тоны да ўзроўню мінулага года. Усё дзякуючы маім спецыялістам”, – кажа Клаўдзія Аляксандраўна, паказваючы рамонтных цялушак, якія ў хукім часе папоўняць малочны статак. “Праца з жывёлай вельмі няпростая, аднак ставім сабе мэту атрымаць 100 працэнтаў малака вышэйшага сорту”, – дзеліцца кіраўнік МТФ.
Валавая вытворчасць малака ў СВК “Маяк-Заполле”са студзеня па верасень уключнавырасла на 116 працэнтаў, сярэдні ўдой ад каровы – 4921 кілаграм, што на 460 кілаграм больш за ўзровень мінулага года. “Да канца снежня плануем павялічыць сярэдні ўдой на карову да 6500 кілаграм”, – кажа Віктар Віктаравіч і адзначае: ёсць пра што расказаць і раслінаводам гаспадаркі.
“Набылі “Holmer” і не пашкадавалі”маяк 018Працаўнікі СВК “Маяк-Заполле” зараз убіраюць цукровыя буракі, вывозяць на палеткі арганіку пад ураджай 2016 года, узнімаюць зябліва. “Караняплоды выкапаны амаль на ўсёй плошчы пасадкі. Ураджайнасць цукровых буракоў, на жаль, на парадак менш, чым планавалі, каля 510 ц/га. Надвор’е нам не спрыяла: спачатку халодная вясна, потым засуха. Аднак нават у такіх умовах ураджайнасць культуры ў гаспадарцы дзесьці на тым жа ўзроўні, што і ў сярэднім па Гродзенскім раёне, які славіцца высокімі паказчыкамі ў дадзенай галіне”, – даводзіць аператыўныя звесткі галоўны аграном СВК “Маяк-Заполле” Андрэй Уладзіміравіч Казлоўскі.
Цукрыстасць караняплодаў – 16,6 працэнта, на камбінат вывезена больш 20 тысяч тон буракоў, бліжэй да снежня ўборка скончыцца цалкам. “Бурак у нас добры, дастатковай масы. Канечне, не ураджай 2012 года, калі зкожнага гектара ў сярэднім удалося накапаць 850 цэнтнераў караняплодаў”, – кажа Андрэй Уладзіміравіч. Па словах галоўнага агранома, пасля таго кааператыў набыў новы цукраўборачны камбайн “Holmer”. “У гаспадарцы ён убірае буракі на ўсёй плошчы пасадкі адзін, у мінулыя гады яшчэ і суседзям збіраць ураджай дапамагалі. Купілі і не пашкадавалі”, – зазначае Андрэй Казлоўскі.
Няпростыя ўмовы ў гэтым годзе склаліся і для вырошчвання іншых культур. “Так, маса кукурузы была менш, – зазначае галоўны аграном. – Разам з тым кукурузу ўбралі ва ўстаноўлены тэрмін згодна з усімі тэхналогіямі. Забяспечылі сябе кармамі на сто працэнтаў”.
Калі буракам і кукурузе надвор’е не спрыяла, зерневым і зернебабовым пайшло на карысць. Ураджайнасць хлеба ў 2015 годзе ў СВК “Маяк-Заполле” – 82,6 ц/га, другі паказчык у раёне. “Раней атрымлівалі 66,8 ц/га, 68,6 ц/га, мінулым годам дасягнулі ўзроўню 70,1 ц/га. І вось уявіце, сёлета мы працуем у няпростых умовах, добра спраўляемся з выклікамі прыроды і бяром яшчэ адну прыступку – 82,6 ц/га”, – кажа Андрэй Уладзіміравіч. Непадалёк пачынаюць буртаваць толькі што накапаныя караняплоды.маяк 045
Святлана ВАШЧЫЛА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий