Вадзім Стральцоў стаў чэмпіёнам свету па цяжкай атлетыцы

210585-01Наш суайчыннік паказаў лепшы вынік сярод спартсменаў у катэгорыі да 94 кг у дваябор’і. Вадзім пачаў выступленне ў рыўку з дзяжурных 175 кг, а ў другім практыкаванні зафіксаваў над галавой штангу вагой 230 кг, што дазволіла яму з сумай 405 кг стаць чэмпіёнам свету ўпершыню ў сваёй кар’еры. Другое і трэцяе месцы занялі спартсмены з Казахстана, за крок ад п’едэстала спыніўся яшчэ адзін беларус — Аляксандр Венскель (398 кг).

Адзначым, што «золата» Вадзіма Стральцова — першы медаль беларускіх штангістаў на цяперашнім чэмпіянаце свету, які з’яўляецца ліцэнзійным да Алімпійскіх гульняў 2016 года. Таксама нагадаем, што беларускія мужчыны не заваёўвалі «золата» на чэмпіянатах свету па цяжкай атлетыцы з 2007 года, калі пераможцамі станавіліся Андрэй Рыбакоў (да 85 кг) і Андрэй Арамнаў (да 105 кг).

У жаночых спаборніцтвах за медалі на сёлетнім чэмпіянаце ўжо змагаліся прадстаўніцы Беларусі ў вагавай катэгорыі да 69 кг. Але да п’едэстала яны не дабраліся. Бронзавая медалістка Алімпіяды-2012 Марына Шкерманкова ў суме дваябор’я паказала вынік 241 кг (108 + 33) і заняла толькі 9-е месца. Яна саступіла 15 кг свайму лонданскаму паказчыку.

Дзіна Сазанавец, якая на Гульнях-2012 у Лондане з сумай 256 кг была чацвёртай, адолела ў дваябор’і 244 кг і заняла на ЧС-2015 толькі 7-е месца.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы Вадзіма Стральцова з перамогай на чэмпіянаце свету ў Х’юстане, паведаміла прэс-служба беларускага лідара. «Малайчына! Самааддача, воля да перамогі, упэўненасць у сваіх сілах дазволілі табе заваяваць золата ў саперніцтве з наймацнейшымі цяжкаатлетамі планеты», — падкрэсліў у сваім віншаванні кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім спартсменам і трэнерам нацыянальнай каманды ўдала завяршыць чэмпіянат свету з максімальнай колькасцю алімпійскіх квот.

http://zviazda.by

Добавить комментарий