Вялікі народны скарб

litara“Мова — гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ”, — пісаў Іван Мележ. А што думаюць наконт гэтага карэліччане, журналіст даведалася з допісаў у рэдакцыю і падчас сустрэч з землякамі.
Дар’я КУХАРЧЫК,
вучаніца 11 класа ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. п. Карэлічы”:
— Мы — беларусы, павінны цаніць родную мову, незвычайна меладычную, якая здольна перадаць любыя адценні нашай душы. На жаль, не ўсе хочуць разумець гэта. Бывае, нават абразліва ставяцца да яе. Каб не было такой з’явы, у школе шмат робіцца для выхавання любові да беларускага слова. Так, кожны першы аўторак месяца праводзіцца Дзень роднай мовы. Дэвізам Дня ўзяты словы Я. Янішчыц: “Калі ты не бязродны сын, гавары са мной па-беларуску.”
Дзявятага лютага бягучага года таксама прайшоў Дзень беларускай мовы. Праводзіліся розныя акцыі, гульні, выставы. Галоўная акцыя, у якую ўключыліся ўсе класы, называлася “Гаворым па-беларуску”.
Правядзенне такіх мерапрыемстваў мае вялікае выхаваўчае значэнне, таму што прапаганда каштоўнасці беларускай мовы дапамагае раскрыць яе багацце і незвычайныя адценні.
Вялікі дзякуй хочацца сказаць настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Марыне Антонаўне Горбач, якая рыхтавала праграму гэтага дня, дапамагала ініцыятыўнай групе падбіраць матэрыял.
Галіна КАЗАК,
загадчык Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі:
— Заўсёды па-добраму радуюся, калі дзеці падчас наведвання бібліятэкі просяць даць пачытаць кніжку на беларускай мове. Сапраўды, любоў да роднага слова пачынаецца з беларускіх народных казак. Дзіцячыя кніжкі прыгожа аформлены, з яркімі малюнкамі, таму дзеці самі спрабуюць іх чытаць.
Нашы наведвальнікі любяць кнігі Алены Масла, Генадзія Аўласенкі, Паўла Місько, Кацярыны Хадасевіч-Лісавай, Наталлі Новаш, Вольгі Шчукінай, Людмілы Рублеўскай. Падлеткі таксама просяць творы на роднай мове, ахвотна бяруць кнігу нашай зямлячкі з г. п. Карэлічы Маргарыты Прохар “Восень у Вільнюсе”. Доўга не залежваецца на паліцах і дэдэктыўна-прыгодніцкая аповесць Людмілы Рублеўскай “Сэрца мармуровага анёла”.
І, вядома, вельмі многіх чытачоў цікавяць творы нашых беларускіх класікаў — яны застаюцца нязменнымі сябрамі наведвальнікаў дзіцячай бібліятэкі. Ахвотна чытаюць кнігі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, Васіля Быкава і іншых.
Думаю, што прыхільнікаў беларускай мовы будзе больш. Галоўнае, што дзеці яе не цураюцца, а чытаюць —значыць любяць роднае слова, і матчына мова будзе жыць.
Ніна ЯФРЭМАВА,
старшыня раённай ветэранскай арганізацыі:
— Так склалася ў жыцці, што восем гадоў я вучылася ў школе з беларускім выкладаннем навучальных прадметаў. Мовы даваліся лёгка, асабліва беларуская. Калі паступала ў бібліятэчны тэхнікум, уступны экзамен па матэматыцы здавала на сваёй роднай мове.
У 90-я гады, працуючы ў цэнтральнай бібліятэцы, мы пачалі весці вялікую краязнаўчую работу. У 1993 годзе ў нас прайшлі першыя краязнаўчыя чытанні. З’явілася неабходнасць размаўляць па-беларуску, бо пісьменнікі, нават з Беластоку, і навукоўцы размаўлялі ў большасці сваёй на нашай роднай мове.
З таго часу пачала глыбей вывучаць беларускую мову і размаўляць па-беларуску. Хочацца, каб такіх суразмоўцаў з кожным годам станавілася больш.
Антаніна АЎЧЫННІКАВА,
член літаратурнага аб’яднання “Рэчанька” пры раённай газеце “Полымя”:
— Мая Радзіма, мая Беларусь. Мая родная мова, у якой кожнае слова напамінае бацькоўскую хату, пах спечанага хлеба, цяпло маміных далоняў, шурпатых ад цяжкай працы.
Беларуская мова, нібы пацеркі на шыі цудоўнай дзяўчыны, нанізваецца словамі ў вершах, апавяданнях нашых беларускіх паэтаў і празаікаў. Калі размаўляеш па-беларуску, ахоплівае сэрца цяпло і чысціня, адчуваеш водар роднага краю, напоены пахам квітнеючых садоў, скошаных траў, спелага калосся ў полі…
Я ганаруся сваёй роднай мовай, сваёй Радзімай, дзе нарадзілася і жыву!
Падрыхтавала да друку
Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий