У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі ўрачыста адкрылася пастаянная экспазіцыя “Сучаснае мастацтва краю”

6025451b4a737c2c13fe5f7dfe97e4b5-310xautoУ Год культуры ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі ўрачыста адкрылася пастаянная экспазіцыя “Сучаснае мастацтва краю” – своеасаблівы дакумент эпохі, які прэзентуе творчасць лепшых сучасных мастакоў Лідчыны. Мастацкія творы не проста сабраны пад адным дахам, але і атрымалі тут пастаянную прапіску.

Экспазіцыя адкрылася ў адноўленай зале музея і стала сапраўднай падзеяй культурнага жыцця рэгіёна. Тут прадстаўлена больш за сотню аўтарскіх твораў, размешчаных у раздзелах “Жывапіс”, “Графіка”, “Скульптура” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Мастацкае шкло”. Да таго ж работы мастакоў розных пакаленняў: як вядомых аўтараў, так і маладых.

– Гэта экспазіцыя – нібы калейдаскоп, дзе розныя погляды, стылі і тэхнікі падкрэсліваюць уласны позірк аўтараў на рэчаіснасць, – расказвае куратар праекта старшы навуковы супрацоўнік музея Таццяна Нікіфарава. – Творы суседнічаюць адзін з адным, не падобныя адзін да аднаго, але паміж імі існуе нябачная моцная ўнутраная сувязь. Так бывае і ў жыцці, калі адна падзея ідзе за другой і складваецца ў адну агульную гісторыю.e85b3c50d0bc591d8395cf1682e24190

…Не адарваць вачэй ад пейзажаў, нацюрмортаў, партрэтаў, скульптур. Падоўгу затрымліваюцца гледачы і каля вырабаў бярозаўскіх шкляроў. Белая зала з люстэркавай сцяной, дзе выгравіраваны прозвішчы аўтараў выстаўкі, быццам пашырае прастору і робіць яе аб’ёмнай.

Арганізатары новай экспазіцыі паклапаціліся і пра яе інфармацыйнае начыненне. Адразу на ўваходзе ў залу ў інфакіёску можна падрабязна даведацца пра ўсіх прадстаўленых аўтараў, пазнаёміцца з іх біяграфіяй і творамі. Каля 900 (!) старонак тэксту, 1,5 тысячы ілюстрацый і каля 30 відэасюжэтаў пра аўтараў ды іх творчасць – усё гэта можна прагледзець самастойна.

Адначасова з новай экспазіцыяй “Сучаснае мастацтва краю” ў гісторыка-мастацкім музеі адкрылася майстэрня вядомага мастака Уладзіміра Мурахвера – ганаровага акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Майстэрня, якая існуе дома ў мастака з 1968 года, амаль праз паўстагоддзя па рашэнні творцы перавезена ў музей. Яна поўнасцю ўзнаўляе месца, дзе многія гады ствараў свае творы вядомы мастак. Тут ягоныя асабістыя рэчы, работы, наброскі…

– Спадзяемся, гэта майстэрня будзе вельмі карысная для падрастаючага пакалення, для тых, хто цікавіцца мастацтвам і спрабуе ім займацца, – адзначыла Таццяна Нікіфарава.

Як падкрэсліла дырэктар установы Ганна Драб, новая экспазіцыя ў адноўленай зале – гэта знакавая для музея падзея і яшчэ адзін вузельчык, які звязаў мінулае і сучаснае.

Дарэчы, Лідскі гісторыка-мастацкі музей за мінулы год прызнаны лепшым у сваёй сферы па выніках абласнога конкурса “Установа культуры года”.

grodnonews.by

Добавить комментарий