Мірны фэст збярэ дзяцей у Міры

Упершыню ў Беларусі з 3 па 5 чэрвеня бягучага года ў Мірскім замку адбудзецца I Адкрыты дабрачынны фестываль-конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці “Мірны фэст у Мірскім замку”. Фестываль пройдзе пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, установы “Музей “Замкавы комплекс “Мір”, камунальнага турыстычфэстнага ўнітарнага прадпрыемства “Навагрудак-тур”. Напярэдадні гэтай важнай культурнай падзеі для Карэліччыны журналіст гутарыць з арганізатарам мерапрыемства, гаспадыняй аграсядзібы “Мірная” Вольгай Ігараўнай КАПАЦЭВІЧ.
– Вольга, Вы працяглы час жывяце ў Мінску. Як узнікла ідэя арганізаваць дабрачынны фестываль менавіта на Карэліччыне?
– Наша галоўнае натхненне – гэта наша дачка Алівія. Яна добрая спявачка, з самага дзяцінства ўдзельнічае ў розных вакальных конкурсах, у тым ліку за мяжой. І ўдзельнічаючы ў такіх мерапрыемствах, мы прыйшлі да высновы, што неабходна арганізаваць такое свята самім. Чаму менавіта Мірскі замак? Усё проста: раней замак выкарыстоўваўся ў якасці абарончай пабудовы, але зараз гэта наша культурная каштоўнасць, якая выкарыстоўваецца ў мірных мэтах. Таленавітыя дзеці дзеляцца тут сваёй творчасцю. Наш шматжанравы фестываль будзе прысвечаны Дню абароны дзяцей і пройдзе ў першыя дні летніх канікул. Акрамя таго, нашы з мужам карані з Панямоні, мы часта бываем у гэтых мясцінах.
– Каго чакаюць фестывальныя пляцоўкі ў Міры?
– Мы запрашаем для ўдзелу дзіцячыя і юнацкія творчыя калектывы і асобных выканаўцаў ад 5 да 25 гадоў у наступных намінацыях: харэаграфічны, вакальны, фальклорна-этнаграфічны, тэатральны, цыркавы жанры, інструментальная музыка, бардаўская песня.
– Якую галоўную задачу Вы хочаце рашыць з дапамогай фестывалю?
– Мы спадзяёмся на тое, што “Мірны фэст у Мірскім замку” збярэ ўдзельнікаў з розных краін і дапаможа раскрыць свае таленты, паказаць сваё выканаўчае майстэрства, будзе садзейнічаць устанаўленню творчых кантактаў, умацаванню міжнародных сувязей і супрацоўніцтва праз дзіцячую творчасць. Дазволіць знутры пазнаць Рэспубліку Беларусь, наведваючы розныя турыстычныя аб’екты Карэліцкага, Нясвіжскага, Навагрудскага раёнаў, а таксама аграсядзібы. Чакаем юных талентаў і з блізкага замежжа: Расіі і Украіны.
– Што чакае гасцей фестывалю, акрамя канцэртных нумароў?
– “Мірны фэст у Мірскім замку” – гэта не толькі творчы конкурс, але яшчэ і дабрачынны праект. Прымаючы ўдзел у конкурсе, мы дапаможам дзецям. Будзе праведзена некалькі дабрачынных акцый: адрасная фінансавая дапамога ад фестывальных збораў адправіцца канкрэтным хворым дзецям і сацыяльным сіротам з Карэліцкага раёна. Плануецца ўдзел у фестывалі дзяцей з сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна, наведванне дзецьмі экскурсій, візіт у СПЦ і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна з уручэннем падарункаў. Мы прапаноўваем кожнаму ўдзельніку фестывалю прывезці з сабой памятныя рэчы або цацкі, якія яны змаглі бы ўручыць асабіста дзецям у знак увагі і падтрымкі.Фестываль завершыцца флэшмобам “Мірнае неба – дзецям!”, падчас якога ў неба будуць запушчаны паветраныя шары.
Аграсядзіба “Мірная”падчас правядзення фестывалю можа стаць адной з конкурсных пляцовак. Сядзіба ў хуткім часе прапануе камфортныя ўмовы пражывання, харчавання, плануюцца паслугі масажыста, а таксама культурная праграма, звязаная з правядзеннем розных акцый, музычных вечароў, тэматычных плэнераў.
– Фестываль плануецца праводзіць штогод альбо гэта разавая акцыя?
– Хацелася б праводзіць фестываль кожны год, але на гэты раз усё будзе залежыць ад колькасці ўдзельнікаў. Таму мы запрашаем усіх да ўдзелу!
– Хто падтрымаў вашу ідэю?
– Перагаворы яшчэ вядуцца. У прыватнасці інфармацыйную падтрымку ажыццяўляе і будзе ажыццяўляць падчас фестывалю дзіцячая праграма “Мэры Попінс” беларускага радыёканала “Культура”. Акрамя таго, нам насустрач пайшоў інфармацыйна-аналітычны партал tut.by і размясціў у сваёй Афішы інфармацыю пра “Мірны фэст”. З падрыхтоўкай друкаванай прадукцыі дапамога аказана з боку ПУП “Друкаваныя тэхналогіі” ў асобе Андрэя Ладуцькі і “Abra.by”- інтэрнэт-крама тавараў для дома і офіса ў асобе Дзмітрыя Антуха.
– Ці ёсць яшчэ магчымасць даслаць заяўку на фестываль?
– Так, яшчэ не позна гэта зрабіць. Вельмі чакаем больш актыўнага ўдзелу ў фестывалі юных талентаў з Карэліччыны і Навагрудчыны. Заяўкі на ўдзел у фестывалі неабходна дасылаць не пазней 15 мая па электроннай пошце на адрас: mirny-fest@mail.ru. Мы ёсць у кантакце: https://vk.com/mirny_fest і ў facebook: www.facebook.com/mirnyfest.
Запісала Іна ЛЕЙКА.

Добавить комментарий