«Фэст экскурсаводаў» бясплатна адкрывае Беларусь

DSCF0628У канцы красавіка ў краіне ў сёмы раз адбыўся «Фэст экскурсаводаў». Дзякуючы фестывалю любы жадаючы меў магчымасць цалкам бясплатна прыняць удзел у экскурсіях, якія праходзілі па ўсёй Беларусі. У рамках дадзенага мерапрыемства Юрый Краскоўскі правёў экскурсію па наваколлі г. п. Мір.
Па адукацыі Юрый настаўнік гісторыі і англійскай мовы. Прайшоў атэстацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме Рэспублікі Беларусь і з 2014 года прадастаўляе паслугі экскурсавода ў Карэліцкім раёне. Турыстычныя групы ў большасці выпадкаў складаюцца з расіян альбо навучэнцаў адукацыйных устаноў.
23 красавіка ў пасёлку сустрэліся 25 турыстаў, якія цікавіліся архітэктурнымі і гістарычнымі помнікамі Міра. У асноўным гэта былі жыхары Мінска, Стоўбцаў і Клецка. У атмасферы сярэднявечча слухачы гулялі па мястэчку на працягу трох гадзін. Юрый паведаміў гасцям легенды і паданні, складзеныя пра пасёлак і яго ўладальнікаў, расказаў пра шматлікія гістарычныя падзеі. Экскурсія праходзіла па ціхіх мірскіх вулачках, былой рынкавай плошчы і тэрыторыі Замкавага комплексу «Мір».
«Фэст экскурсаводаў» — гэта акцыя, якая была прыдумана ў 2008 годзе ў коле некалькіх грамадскіх арганізацый і краязнаўчых гурткоў горада Мінска. Галоўная ідэя мерапрыемства — прыцягненне ўвагі людзей да тых гістарычных помнікаў, побач з якімі яны жывуць і каля якіх праходзяць кожны дзень.
Караліна КУЧУК.

Добавить комментарий