Карэліччыну наведаў міністр аховы здароўя Беларусі Васілій Іванавіч Жарко

министр здравоохранения 001

Карэліччыну наведаў міністр аховы здароўя Беларусі Васілій Іванавіч Жарко. Член урада пабываў у Мірскай гарпасялковай і Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцах. Госць у першую чаргу ўдзяліў увагу якасці і даступнасці медыцынскіх паслуг у раёне, асабліва для жыхароў аграгарадкоў і вёсак, вывучыў пытанне аплаты працы медыцынскіх работнікаў.

министр здравоохранения 010

Васілія Іванавіча суправаджалі старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Леанідавіч Шайбак, яго намеснік па сацыяльнай сферы Руслан Юр’евіч Абрамчык, начальнік упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Аляксандравіч Стрыжак і галоўны ўрач ЦРБ Алена Паўлаўна Майсак.
Міністр агледзеў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі, а таксама хірургічнае і педыятрычнае аддзяленні ў райцэнтры. Сустрэўся з іх загадчыкамі і медыцынскім персаналам. Васілій Іванавіч адзначыў, што ЦРБ пайшла па правільнаму шляху, захаваўшы сваё ўтульнае і добра абсталяванае акушэрска-гінекалагічнае аддзяленне. За год, як расказала галоўны ўрач, тут прымаецца каля 200 родаў.
Наведаў міністр і раённую паліклініку. Старшыня райвыканкама Віктар Леанідавіч Шайбак паведаміў Васілію Іванавічу, што ў хуткім часе там плануюць працягнуць рамонт. Член урада, які ў свой час працаваў урачом-педыятрам, асабліва ўважліва вывучаў ўмовы, створаныя для дзяцей у ЦРБ.

министр здравоохранения 024

Напрыканцы візіту Васілій Іванавіч Жарко пацікавіўся, які аб’ём пазабюджэтных сродкаў зарабляе ўстанова аховы здароўя. За пяць месяцаў ЦРБ прыцягнута каля 900 млн рублёў.
– Гэта неблагі паказчык для сельскага раёна. Толькі не займайцеся падменай бясплатных паслуг платнымі ў сённяшняй няпростай эканамічнай сітуацыі, – парадзіў міністр. Ён таксама зазначыў, што зараз перад медыцынскай галіной ставіцца задача захаваць даступнасць медпаслуг на сяле. Гэта пытанне не менш хвалюе і прадстаўнікоў Карэліцкай ЦРБ, райвыканкама.
– У новай пяцілетцы міністэрства аховы здароўя сканцэнтруе ўвагу на развіцці першаснай і амбулаторна-паліклінічнай меддапамогі, прафілактычным напрамку, зніжэнні ўзроўня смяротнасці ад неінфекцыйных, сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў. Наша мэта – павышэнне да 2020 года сярэдняй чаканай працягласці жыцця да 75,3 года (зараз – 73,9 – аўт.). Не спыніцца і інфарматызацыя сферы, рэканструкцыя аб’ектаў, іх мадэрнізацыя, – давёў Васілій Іванавіч.
Па выніках азнаямлення з сітуацыяй на месцы міністр аховы здароўя адзначыў, што задаволены асноўнымі паказчыкамі ацэнкі медыцынскай дзейнасці Карэліцкай ЦРБ.

министр здравоохранения 028

– Бачны пазітыўныя змены. Абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база, – сказаў Васілій Іванавіч Жарко. – Адчуваецца рука руплівага гаспадара.

Святлана ВАШЧЫЛА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий