Ксенія Мацэль не зрабіла ніводнай памылкі на ЦТ па беларускай мове

мирскаястобальница

Ксенія Мацэль, выпускніца сярэдняй школы г. п. Мір, не зрабіла ніводнай памылкі на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове. Усе 30 заданняў з часткі «А» і 10 з «В» выканала правільна. На сёння ўжо вядома, што ўраджэнка нашага раёна стала адной з шасці абітурыентаў Гродзенскай вобласці, дасягнуўшых у 2016 годзе найвышэйшага выніка на ЦТ па гэтым прадмеце. Журналіст рэдакцыі газеты «Полымя» пацікавілася, студэнткай якой вну стала дзяўчына і ў чым сакрэт яе поспеху.
– Ксенія, як ты рыхтавалася да цэнтралізаванага тэсціравання па навучальных прадметах?
–Адразу пасля летніх канікул перад выпускным класам пачала ўзмоцнена грызці граніт ведаў і займалася рэгулярна. Акрамя беларускай мовы, падцягвала матэматыку і англійскую мову.
Каб дасягнуць жаданага выніку, упэўнена, патрэбна пастаянная практыка. Шмат у чым мне дапамагала выкладчык беларускай мовы і літаратуры Алена Аліеўна Смольская. Я ёй вельмі ўдзячная за нашу супольную працу, разуменне, цярплівасць, асабліва – за дадатковыя заданні. Выдатна, што яны былі менавіта на тыя правілы, без валодання якімі паспяхова здаць ЦТ складана.
– У дзень ЦТ, якое прынесла табе стобальны сертыфікат, хвалявалася? Што дапамагло набрацца смеласці?
– ЦТ па беларускай мове стала для мяне першым выпрабаваннем. І самае дзіўнае, што ў гэтую раніцу я трывожылася менш усяго. Добра помню, як спакойна села за стол і пачала выконваць заданні, не думаючы ні аб чым іншым. Упэўненасці надавала тое, што мае родныя верылі ў мяне. Ды і я проста не магла не апраўдаць іх чаканняў.
– Што ты адчула, калі даведалася пра такую вялікую перамогу?
– Я не паверыла вачам. Праўду кажучы, адразу прамільгнула думка: гэта нейкая памылка. Некалькі разоў пераправярала вынікі, а потым з’явілася прыемная дрыжанне ў руках, слёзы. Вядома, у такія моманты разумееш, што твая праца і старанні не прайшлі дарма. Я надта шчаслівы чалавек, бо магу падзяліць гэтую радасць з бацькамі і сябрамі.
– У якую вну паступіла? І чаму?
– Я падала дакументы ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З верасня буду вучыцца на факультэце інавацыйнай падрыхтоўкі. На маё рашэнне паўплываў не столькі прэстыж гэтай вну, колькі добрыя водгукі яе студэнтаў. Выбірала прафесію сама, будую планы на будучыню.
– А чым захаплялася падчас вучобы ў школе?
– Цяжка паверыць, што школьныя гады прайшлі. Шматлікія конкурсы, яркія мерапрыемствы і займальныя спаборніцтвы зрабілі іх проста незабыўнымі. Я была капітанам каманды КВЗ сярэдняй школы г. п. Мір, удзельнікам агітбрыгады. Мяне захаплялі навуковыя канферэнцыі, прадметныя алімпіяды па гісторыі і рускай мове. Але больш за ўсё ганаруся тым, што з’яўляюся ўладальнікам двух дыпломаў першай і другой ступеняў рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў «Мая малая Радзіма», які праводзіўся ў рамках усебеларускай акцыі «Жыву ў Беларусі, тым ганаруся». У вольны час займаюся спортам і танцамі. Зараз увахожу ў танцавальны калектыў, для мяне танец – спосаб перадачы пачуццяў і настрою душы.
– Што б ты параіла будучым выпускнікам 2017 года?
– Падыходзьце да выбару прафесіі сур’ёзна. У першую чаргу думайце пра ўласныя жаданні. Верце ў сябе. Дакладна ведаю, што нават самыя запаветныя мары спраўджваюцца. Поспехаў!
Гутарыла Антаніна ХАТЭНКА,
студэнтка 3 курса
Інстытута журналістыкі БДУ.

Добавить комментарий