Сучасны партрэт сапраўднага мужчыны

Сустрэча з Уладзімірам Мікалаевічам Клімчаком, загадчыкам Цырынскай амбулаторыі, урачом агульнай практыкі, адбылася невыпадкова: у рэдакцыю неаднаразова тэлефанавалі яго ўдзячныя пацыенты з просьбай напісаць аб любімым доктары.цирин 111
З першых хвілін знаёмства я зразумела, што не памыляюцца сяльчане ў характарыстыцы свайго ўрача, называючы яго сапраўдным мужчынам: інтэлігентны, стрыманы, канкрэтны ў выказваннях, валодае прыроднай прыцягальнай дабрынёю, галоўным прыярытэтам жыцця лічыць стварэнне моцнай дружнай сям’і, вернае служэнне абранай справе, наладжванне даверлівых узаемаадносін з людзьмі, заснаваных на ўзаемапавазе і ўзаемаразуменні. Пасля размовы з Уладзімірам Мікалаевічам і яго жонкай Галінай Сцяпанаўнай, інспектарам па кадрах СВК “Цырын-Агра”, прыгожай, незвычайна адкрытай, шчырай, зайздроснай аптымісткай, міжволі падумалася, што іх сям’я — яркі доказ таго, што жыццёвых цяжкасцей, якіх нельга пераадолець, не існуе, што вёска для гарадскога чалавека можа стаць найраднейшым месцам, той маленькай радзімай, якой ніколі не здрадзіш, якую бясконца любіш і да якой прыкіпеў душою і сэрцам. Патрэбна адно: быць верным людзям і зямлі, усведамляць сваю патрэбнасць ім, ні ў чым не фальшывіць, заставацца самім сабою.
Уладзімір Мікалаевіч шчыра прызнаецца, што прафесія медыка не была ў яго юнацкіх планах. Вырас ён у г. Гродна ў працоўнай сям’і і, як многія хлапчукі таго часу, марыў стаць афіцэрам. Няўдача пры паступленні ў ваеннае вучылішча прывяла ў Гродзенскі медінстытут з мэтай пасля 4-га курса перавесціся ў Куйбышаўскі медінстытут на ваенна-медыцынскі факультэт, і такім чынам звязаць свой лёс з арміяй. Усё ішло як было задумана: з маладзенькай жонкай Галяй аказаўся ў Куйбышаве, два гады вучобы, а потым — г. Катоўск Адэскай вобласці, дзе ў воінскай часці пачаў працоўную дзейнасць ваенны ўрач Клімчак. Пяць гадоў жыцця ў Катоўску сёння ўспамінаюцца як самыя шчаслівыя: там нарадзіліся дзве дачушкі, з’явіліся цудоўныя сябры, праца прыносіла задавальненне. Здаецца, жыві і радуйся. Але лёс падрыхтаваў сур’ёзнае выпрабаванне: развал Савецкага Саюза, крах кар’еры, вяртанне на Радзіму ў г. Гродна. Уладкавацца на працу немагчыма, перспектывы — ніякай, наўкола ўладарыў хаос. Выратавала афіцэрская тактыка: “Не панікаваць! У любым становішчы можна знайсці выхад”. І калі даведаўся аб вакансіі ўрача ў амбулаторыі невядомай дагэтуль вёскі Цырын, нават не раздумваў, тым болей, што яго ў гэты складаны час мудра падтрымала разумніца-жонка. Вось так карэнныя гараджане аказаліся ў вёсцы Цырын, дзе, сагрэтыя сардэчнасцю, незвычайнай таварыскасцю, душэўнасцю мясцовых жыхароў, паступова прызвычаіліся да жыцця ў сельскіх умовах. Сёння праз 23 гады жыцця яны ўжо лічаць сябе сяльчанамі. Як і ўсе, завіхаюцца на агародзе, садзяць бульбу ў полі, трымаюць вялікую хатнюю гаспадарку: курэй, свіней, індыкоў, качак, трусоў, а гэта — вялікая матэрыяльная падмога ў сямейны бюджэт, у тым ліку і для сем’яў дачушак. На маё нямое здзіўленне Уладзімір Мікалаевіч адрэагаваў тлумачэннем:”Канечне, спачатку нейкія сумненні, трывогі былі, але, адчуваючы разуменне з боку жонкі, ведаў: справімся! Вялікую ролю сыграла і тое, што нас цудоўна сустрэлі тагачасны галоўны ўрач Карэліцкай раённай бальніцы А. М. Баршчэўскі, былы старшыня калгаса І. М. Паўловіч. Адразу мы атрымалі добраўпарадкаваную двухпакаёвую кватэру ў Цырыне, а шэсць гадоў назад праўленне калгаса выдзеліла нам прасторны дом. Таму расло і расце жаданне працаваць, каб аддзячыць за такі клопат”.
Галіна Сцяпанаўна, усміхаючыся, прызналася: “Што гаварыць, навыкаў вядзення хатняй гаспадаркі, догляду за агародам не было аніякіх, але навучыліся. Вялікі дзякуй людзям, асабліва суседзям Галіне Ігараўне і Мікалаю Іванавічу Калядка, якія дапамаглі слушнай парадай, добрым словам, падтрымкай у складаныя хвіліны. Пастаянна адчувалі бацькоўскі клопат з боку І. М. Паўловіча. Нашу ўдзячнасць перадаць немагчыма. Мы ж прыехалі амаль з пустымі рукамі, дзеці маленькія, але часовыя складанасці кампенсаваліся сардэчнасцю людской, таму і трымаліся мы тут лёгка і не шкадуем, што так склаўся лёс. А Валодзя… Ён — сапраўдны Мужчына, цудоўнейшы прыклад у працы, самы лепшы на свеце Муж, Бацька, Гаспадар, надзейная Апора ва ўсім”.
Раскрыць коратка накірункі дзейнасці ўрача агульнай практыкі У. М. Клімчака няпроста, таму што за кожным з іх — найвялікшая адказнасць за здароўе чалавека. Дастаткова сказаць, што на абслугоўванні Цырынскай АУАП налічваецца 1799 жыхароў Варанчанскага і Цырынскага сельскіх Саветаў, да Цырынскай амбулаторыі адносіцца Варанчанскі ФАП. У абавязкі ўрача агульнай практыкі ўваходзіць прафілактычная работа (агляд дзяцей да года, да 3 гадоў, выхаванцаў дзіцячых садкоў, прафілактычныя прывіўкі дарослым і дзецям); работа з дарослым насельніцтвам (вядзенне патранажу на даму медперсаналам і ўрачамі, флюараграфічнае абследаванне, агляд акушэрам жаночага насельніцтва), а таксама лячэбна-дыягнастычная работа. Усё гэта спрыяе своечасоваму выяўленню розных захворванняў і своечасоваму іх лячэнню. Да паслугаў хворых у Цырынскай амбулаторыі ёсць свая лабараторыя, кабінет акушэра-гінеколага і стаматолага, а таксама дзённы стацыянар, дзе за 2015 год пралячылася 375 чалавек. Акрамя таго, існуе стацыянар на даму для людзей, якія не могуць самастойна звярнуцца ў амбулаторыю. Іх наведваюць урач і медсястра ад пачатку захворвання да поўнага выздараўлення. Да ўсяго гэтага трэба дабавіць яшчэ планавыя і экстраныя наведванні. “На жаль, ёсць людзі, — з горыччу зазначае Уладзімір Мікалаевіч, — якія безадказна адносяцца да свайго здароўя, звяртаюцца да ўрача толькі тады, калі боль не адпускае, што прыводзіць нярэдка да непапраўных памылак. Галоўная задача нас, медыкаў, пераламаць свядомасць людзей, упэўніць іх у неабходнасці своечасовых прафілактычных аглядаў”. Праблема застаецца адкрытай, хоць адметныя поспехі ёсць: паляпшаецца дэмаграфічная сітуацыя, памяншаецца працэнт вірусных захворванняў, расце працягласць жыцця як у мужчын, так і жанчын. Праца калектыву Цырынскай амбулаторыі неаднаразова адзначалася граматамі рознага ўзроўню. Але Уладзімір Мікалаевіч спакойна адносіцца да ўзнагарод. Галоўная ўзнагарода для яго — ацэнка працы калегамі і людзьмі. Яны ж не шкадуюць для свайго паплечніка і ўрача цёплых, шчырых слоў.
Галіна КАЛТУНОВА.
Фота Іны МІХАЙЛАВАЙ.

Добавить комментарий