— Галоўнае — не астываць душою, — упэўнена былы кіраўнік раённага савета жанчын Лідзія Нагорная

IMG_6138

Грамадскаму аб’яднанню “Беларускі саюз жанчын” сёлета спаўняецца 25! Шмат цікавых старонак жыцця налічвае яго біяграфія, якую стваралі на працягу гэтага часу абласныя і раённыя саветы, у тым ліку і арганізацыя жанчын Карэліччыны. З 1997 года да выхаду на пенсію (амаль 20 гадоў!) яе ўзначальвала Лідзія Іосіфаўна НАГОРНАЯ, якая ў той час працавала старшынёй раённага Савета дэпутатаў. Сёння гэтаму цудоўнаму чалавеку ёсць аб чым успомніць, ёсць аб чым расказаць, бо дзейнасць раённага савета жанчын была вядома не толькі на Гродзеншчыне, але і ў рэспубліцы. Што спрыяла такому поспеху? Аб гэтым ішла размова з Лідзіяй Іосіфаўнай падчас нядаўняй сустрэчы.

“Галоўным накірункам у працы раённага савета жанчын, — шчыра дзеліцца яна ўспамінамі, — быў клопат аб жанчыне-працаўніцы, жанчыне-маці незалежна ад яе працоўнай сферы. Без увагі не пакідалі нікога: ні мнагадзетных матуль, якія з’яўляліся ўзорам мацярынскай годнасці; ні жанчын, узяўшых пад сваю апеку дзяцей-сірот, прыняўшы іх у сям’ю як родных; ні матуль-гаротніц, чые сыны загінулі ў Афганістане; ні сем’і, перамогшыя шматлікія выпрабаванні, стаўшыя ідэалам сямейнай прыстойнасці і еднасці для маладога пакалення.
Мабыць, першымі ў рэспубліцы мы ўвялі ў раёне традыцыю правядзення злётаў салдацкіх удоў, гэтым самым узняўшы іх на п’едэстал павагі. Трэба было бачыць, як свяціліся іх вочы, калі яны чулі цёплыя, пранікнёныя словы ў свой адрас, прымалі на памяць аб сустрэчы каштоўныя падарункі. Рукамі гэтых жанчын высаджана алея клёнаў па вуліцы Савецкай у г. п. Карэлічы, аб іх лёсах і лёсах цікавых жанчын нашага краю расказваецца ў кнізе “Карэліцкія мадонны”, якую мы выдалі ў 2006 годзе (зноў-такі першымі ў рэспубліцы!).
У мяне былі цудоўныя памочнікі: члены прэзідыума раённага савета жанчын — Г. І. Кітун, Л. П. Гоўша, Н. І. Масюкевіч, А. І. Макар, В. П. Сідо, Т. В. Міхалкевіч, В. Ц. Манюк і многія іншыя. Вялікую дапамогу заўсёды аказваў райвыканкам, яго тагачасны старшыня І. М. Шматко, старшыні сельскіх Саветаў, кіраўнікі калгасаў, прадпрыемстваў, арганізацый. Мы выбіралі дзейсныя формы работы, якія былі цікавымі і карыснымі для людзей: святы вёсак, вечары-ўшанаванні сем’яў розных пакаленняў “Ад усёй душы”, конкурсы на лепшае кветкавае афармленне прысядзібных двароў, вясковых вуліц; агляды-конкурсы на лепшую мнагадзетную сям’ю, сустрэчы з жанчынамі-маці напярэдадні 8-га Сакавіка і Дня маці. Аб створаным тады Клубе даярак пяці-шасцітысячніц пісалі многія рэспубліканскія газеты. Работа Клуба сапраўды прыносіла яго членам задавальненне, бо будавалася на пашане працаўніц, на прыемных для іх сюрпрызах. Не раз хадатайніцтва раённага савета жанчын дапамагала нашым людзям атрымліваць медыцынскую дапамогу ў сталічных клініках, з’яўлялася выратавальным для тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Быў наладжаны выдатны кантакт з абласной арганізацыяй жанчын, непасрэдна з яе старшынёй Марыяй Міхайлаўнай Біруковай.
Хочацца спадзявацца, што сённяшняя Карэліцкая раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын” таксама будзе кіравацца ў сваёй дзейнасці жаданнем акружыць клопатам і ўвагай жанчын. Не адмаўляючыся ад напрацаванага раней вопыту, магчыма, узнавіўшы некаторыя формы работы, вынаходзіць новыя, якія б у поўнай меры заявілі аб сабе, сталі прыкладам яднання ўсіх раённых структур. Галоўнае — не астываць душою”.

Запісала
Галіна КАЛТУНОВА.

Добавить комментарий