Наша жыццё — у нашых руках

IMG_5012Гэтае выказванне чырвонай стужкай праходзіла праз прамовы супрацоўнікаў пажарнай службы раёна і вобласці, якія прагучалі падчас сустрэчы з працоўным калектывам ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”.
У ёй прынялі ўдзел і выступілі першы намеснік начальніка ўстановы “Гродзенскае абласное ўпраўленне МНС” Валерый Станіслававіч РУДОЛЬФ (на фото) і начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталій Канстанцінавіч РЫБАК.
Курэнне — “збітая” тэма?
Як ні кажыце, але ёй удзяляецца пэўная ўвага на розных узроўнях. Колькі гавораць і пішуць пра курэнне — няпроста падлічыць. Гэтая тэма па-ранейшаму прадаўжае хваляваць пажарных: ад непатушанай цыгарэты можа ўзнікнуць пажар, а яго магло б не быць, каб некаторыя былі пільнымі і правільна паводзілі сябе ў быту. На сустрэчы супрацоўнікі пажарнай службы нагадалі прысутным аб гэтым.
У зале быў устаноўлены вялікі стэнд Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, словы на ім заклікалі: “Завяжы з курэннем у ложку”.
Валерый Станіслававіч Рудольф назваў тэму “збітай”, нагадаўшы пра тое, што ад акурка можа ўзнікнуць пажар. Да бяды недалёка і трэба няшмат: лёг, закурыў, заснуў … і напаткала бяда. Пры курэнні трэба паводзіць сябе асцярожна. Хаця ўжо пра тое, што шкодная звычка забірае здароўе, многія ведаюць, але не задумваюцца. Варта зрабіць вывады.
У адказе за дзяцей
Сярод аспектаў, на якія звярнуў увагу прадстаўнік абласной пажарнай службы, дзіцячая гібель на пажарах. З 22 жніўня 2016 года праводзіцца акцыя, якая накіравана на папярэджванне няшчасных здарэнняў.
“Дзеці растуць і імкнуцца да пазнання, таму іх трэба вучыць. Аднымі забаронамі не абыдзешся”, — гаварыў прамоўца. У пацвярджэнне прыводзіў яскравыя прыклады, якія сведчылі пра тое, што яны павінны знаходзіцца пад пастаяннай увагай бацькоў.

IMG_5019Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прадэманстравалі відэафільм “Недзіцячыя гульні”. Гэта чужыя гісторыі, але яны могуць стаць урокамі для многіх, і калі хоць адно дзіця пачуе і зразумее, то ўжо будзе карысць.
Добры памочнік
Менавіта ім з’яўляецца аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Чатырнаццаты год ён служыць на карысць людзям — дапамагае выратаваць жыцці. Прыборы ўстанаўліваюцца для людзей састарэлага ўзросту, інвалідаў — тых, хто мае патрэбу ва ўвазе і клопаце.
Прадстаўнікі пажарнай службы імкнуліся пераканаць прысутных: прыбор можа засцерагчы дамы ад бяды і выратаваць жыцці. Што ж, дзеля свайго спакою можна набыць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які каштуе нядорага.
Гарыць трава…
У сваім выступленні Віталій Канстанцінавіч Рыбак пытанню выпальвання сухой расліннасці ўдзяліў пэўную ўвагу, указаўшы на тое, пры якіх абставінах гэта трэба рабіць. Назваў прыклады здарэнняў пры няправільным выкананні работы.
Пытанне застаецца актуальным, таму прагучалі рэкамендацыі на гэты конт. Да прыкладу, забараняецца займацца дадзенай справай у вячэрні час, не дапускаць да яе дзяцей, а дарослым пры выпальванні сухой травы прытрымлівацца неабходных правіл.
Як прагучала на сустрэчы, нядрэнна было б выкарыстаць паслугу камунгаса. Камунальнікі вывезуць сухую траву за пэўную плату. Вырашыць пытанне выгадней з суседзямі: і плата таннейшая, і спрэчак не будзе, хто і калі паліць сухую траву.
Наведайце бацькоў!
Не за гарамі — халады. Начальнік РАНС В. К. Рыбак раіў наведаць бацькоў і пераканацца, што з пячным ацяпленнем у іх дамах усё ў парадку. Калі ж існуюць якіясьці праблемы, то дапамагчы састарэлым людзям іх вырашыць. Нездарма ў народзе гавораць: “Рыхтуй сані летам, а калёсы зімой”.
Віталій Канстанцінавіч нагадаў прысутным нумары тэлефонаў: 101 і 112. Па іх можна патэлефанаваць у выпадку нечаканай бяды, назваць сваё месцазнаходжанне, і дапамога падаспее хутка. Хаця трэба старацца рабіць усё для таго, каб яе не здарылася. Неаднойчы заўважана: наша жыццё — у нашых руках.

Добавить комментарий