Незабыўны адпачынак на Свіцязі

img_9318Са сваім шостым класам працую толькі год, але гэта не перашкодзіла нам правесці шмат цікавых і запамінальных мерапрыемстваў. Адно з іх — паход на возера Свіцязь, да якога пачалі рыхтавацца загадзя.
На класных гадзінах прачыталі і абмеркавалі легенды пра возера. Пазнаёміліся з жыццём і творчасцю пісьменніка Адама Міцкевіча, які ў свой час захапляўся гэтымі мясцінамі, прачыталі творы класіка, у якіх ён распавядаў пра возера і яго ваколіцы. Карацей кажучы, былі поўнасцю падрыхтаваны, каб успрыняць гэту мясціну не толькі як месца адпачынку, але і як цуд і своеасаблівы помнік прыроды.
І вось доўгачаканы момант настаў. Надвор’е нам паспрыяла. За жартамі і гутаркамі не заўважылі як за спінай засталося некалькі кіламетраў, а наперадзе заблішчала люстэрная гладзь возера Свіцязь. Прыгожая лясная казка! Калісьці А. Міцкевіч у сваіх творах на ўвесь свет праславіў в. Свіцязь, напісаўшы, што ў ім ноччу адлюстроўваецца і месяц, і зоры. Мы былі ўдзень, але карціна была не менш захапляльная. Промні сонца блішчэлі на хвалях возера, пераліваліся рознымі колерамі. А калі мы зайшлі ў ваду і адчулі свежасць, якая адразу зняла стому ад доўгай дарогі, то захапленню вучняў не было канца і краю. Гульні ў мяч, плясканні, плаванне, смачныя пачастункі, якія падрыхтавалі і злажылі ім у рукзакі іх клапатлівыя матулі…
Сонейка кацілася да захаду, калі мы, адпачыўшы, крыху стомленыя рушылі дамоў. І ўжо па дарозе абмяркоўвалі нашы наступныя планы і паходы на будучае лета. Па ўсхваляваных гутарках і абмену думкамі вучняў я зразумела, што паход ім спадабаўся. Такія сумесныя пазакласныя мерапрыемствы даюць магчымасць лепш зразумець дзіця, раскрыць тыя яго рысы характару, якія, магчыма, па нейкіх прычынах не заўсёды раскрываюцца ва ўстанове, у час заняткаў. Вельмі цікава было назіраць, калі хлопчыкі, а іх у класе чатыры, бралі апеку над Палінай і нада мной. У гэты час яны адчувалі сябе сапраўднымі мужчынамі. Дзеці былі ў захапленні, а мне было прыемна, што адпачынак атрымаўся.
Тамара ЯЎСЕЙ,
класны кіраўнік 6 класа ДУА “Малюшыцкі ВПК дзіцячы сад-базавая школа”.

Добавить комментарий