Падзякі Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК удастоены сталяр прадпрыемства “Карэліцкая міжгаспадарчая перасовачная механізаваная калона № 152”

IMG_1624З нагоды прафесійнага свята — Дня будаўніка — старшыня Карэліцкага раённага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Леанідаўна Пянькоўская завітала ў адну з будаўнічых арганізацый раёна з добрай навіной і не з пустымі рукамі.
Падзякі Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК удастоены сталяр даччынага будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Карэліцкая міжгаспадарчая перасовачная механізаваная калона № 152” Аляксандр Уладзіміравіч Вясна. Яму і ўручыла прафсаюзны лідар аграпрамысловага комплексу раёна ўзнагароду і грашовую прэмію (на фота). Ірына Леанідаўна пажадала будаўніку і ўсяму калектыву падраздзялення моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, каб праца была заўсёды ў радасць.
Што датычыць апошняга, то для Аляксандра Уладзіміравіча праца заўсёды ў радасць, яна прыносіць задавальненне. З 2009 года ў будаўнічай арганізацыі, і справа яму па душы. “Ужо адно тое, што працуеш з дрэвам, пра многае гаворыць, — адзначае будаўнік.— Табе ў рукі пападае лясное багацце, і ты пачынаеш чараваць над ім. Трэба яго падрыхтаваць, каб затым можна было накіраваць па прызначэнні. Няпростая гэта справа, але прыемна, калі бачыш добрыя вынікі сваёй працы”.
Любоў да прафесіі ў Аляксандра Уладзіміравіча з юнацтва. Як паказаў час, набытая спецыяльнасць сталяра-мебельшчыка спатрэбілася ў жыцці. Ён перакананы, што трэба толькі вялікае жаданне працаваць, а майстэрства прыходзіць з гадамі. А па працы, як вядома, і пашана.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота
Іны МІХАЙЛАВАЙ.

Добавить комментарий