“ПОЛЫМЯ” — у кожны дом

IMG_1719Аляксандр Георгіевіч КОНАН з г. п. Карэлічы, вадзіцель-паштальён Карэліцкага раённага вузла паштовай сувязі Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта”, займаецца мотадастаўкай у населеныя пункты раёна, у якіх няма аддзяленняў паштовай сувязі.
ПОШТА  “НА КАЛЁСАХ”
З раніцы Аляксандр Георгіевіч плануе свой працоўны дзень. Разлічвае, што ён будзе насычаным і выкарыстаны прадукцыйна. Стараецца своечасова наведацца ў населеныя пункты раёна, аказаць вяскоўцам неабходныя паслугі і зрабіць гэта найлепшым чынам. Абслугоўваемыя вёскі: Валокі, Мокрава, Кайшоўка, Застадолле, Дорагава, Альшаны, Бабонеўка, Зелянец, Забердава, Дуброва — усіх дваццаць восем.
Спектр аказваемых паслуг самы разнастайны: дастаўляе газеты, часопісы, пісьмы, пасылкі; праводзіць выплату пенсій і пераводаў; прымае плату за камунальныя паслугі (святло, тэлефон і г. д.); прадае тавары паўсядзённага ўжытку; задавальняе просьбы вяскоўцаў. У працы лічыць асноўным рытмічнасць і якасць.
— Мне справа падабаецца, — гаворыць вадзіцель-паштальён і прызнаецца, што аднойчы змяніў ёй, адпрацаваў на іншым месцы два месяцы і зразумеў, што менавіта ў паштовай сувязі можа быць карысным.
ДОБРЫ ДАРАДЦА
Важнае значэнне ў працы маюць адносіны з вяскоўцамі. Вадзіцель-паштальён з’яўляецца надзейнай апорай. Яго чакаюць, яму тэлефануюць, да яго звяртаюццца з просьбамі, ласкава называючы “сыночкам” ці “ўнучкам” — і ён апраўдвае іх спадзяванні.
Аляксандр Георгіевіч добра разумее, што да людзей састарэлага ўзросту патрэбны асаблівы падыход. Большасць з іх пражылі доўгае і складанае жыццё, маюць патрэбу ва ўвазе і клопаце. Стараецца выканаць іх просьбы: прывозіць прадукты, лекі — тое, што неабходна ў паўсядзённым жыцці. “Проста трэба быць добрым чалавекам”, — перакананы А. Г. Конан.
Калі пачалася дэнамінацыя беларускага рубля, паштавік растлумачыў састарэлым людзям пра новыя грашовыя знакі. Не ўсе з першай гутаркі зразумелі. Ён жа па-ранейшаму застаецца цярплівым і ўважлівым да вяскоўцаў. А яшчэ, праяўляе інтарэс да іх аповедаў пра жыццё, у якіх шмат мудрасці і ёсць чаму павучыцца.
“ПОЛЫМЯ” — У КОЖНЫ ДОМ
Вадзіцелю-паштальёну ў дзень даводзіцца праехаць па раёне 165 кіламетраў (у сераду і суботу), у астатнія — 120. Што датычыць першых дзён, то дастаўляе падпісчыкам раённую газету “Полымя”, якую, па словах паштавіка, вяскоўцы выпісваюць ахвотна і з нецярпеннем чакаюць.
Аляксандр Георгіевіч Конан поўнасцю падзяляе іх пункт гледжання: свая газета і пра сваіх людзей. Адкрыеш “Полымя” — і прачытаеш пра вынікі працы хлебаробаў на жніве, значныя падзеі ў раёне, розныя навіны. Больш таго, вяскоўцы цікавяцца рэкламнымі звесткамі і самі выказваюць жаданне змясціць аб’явы і віншаванні блізкім і родным з нагоды знамянальнай падзеі ў жыцці.
170 экзэмпляраў “раёнкі” дастаўляе паштавік вяскоўцам і спадзяецца, што мясцовае выданне выпішуць тыя, хто яшчэ не зрабіў свой выбар: “Полымя” павінна прыходзіць у кожны дом.
ПАШТАЛЬЁН — ПРАФЕСІЯ ДЛЯ МУЖЧЫН
Аляксандр Георгіевіч раней меркаваў, што прафесія паштальёна жаночая, бо менавіта жанчыны займаліся гэтай справай. Яны спяшаліся ад хаты да хаты і прыносілі людзям перыядычныя выданні, пісьмы, паштоўкі і г. д. Паштальёну заўсёды былі рады, паважалі, яму давяралі свае сакрэты.
Час унёс свае карэктывы ў гэтую прафесію. Калі раней паштальён мог затрымацца ў хаце вяскоўцаў, то сённяшняму вадзіцелю-паштальёну штодзённа трэба наведаць шмат населеных пунктаў, аказаць жыхарам вёсак неабходныя паслугі, выканаць гэта якасна і хутка.
— Люблю хуткі рытм жыцця — можна зрабіць шмат карысных спраў, — гаворыць А. Г. Конан. — Мужчыне пад сілу складаная праца. Ён і абаронца, і працаўнік, і дарадца. Ад мяне чакаюць падтрымкі і дапамогі, і трэба апраўдваць спадзяванні абслугоўваемых. Сапраўды, чаму б не працаваць паштальёнам?! Ты радуеш людзей — і яны ўдзячны за сумленную працу.
КАРАНІ НА КАРЭЛІЧЧЫНЕ
Аляксандр нарадзіўся ў Карэлічах. Пасля службы ў арміі працаваў на будоўлі ў сталіцы. Вярнуўся на маленькую радзіму. “Тут лепш жыць, у Мінску хуткая плынь жыцця, — лічыць ён. — У родных мясцінах раздолле і прыгажосць. Я люблю мілы сэрцу куточак”.
Юнак прыжыўся на Карэліччыне. У яго свая сям’я, падрастаюць дачка Соф’я і сын Іван. Стараецца прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. Любіць рыбалку і жывёлу.
— Самае галоўнае — быць справядлівым, добрым і проста любіць працу, сям’ю і людзей, — сказаў напрыканцы сустрэчы Аляксандр Георгіевіч Конан.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Іны МІХАЙЛАВАЙ.

Добавить комментарий