У нашай акрузе чатыры суіскальнікі

баннер
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў завершана.
11 жніўня 2016 г. адбылося пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Навагрудскай выбарчай акругі № 57 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.
На ім прынята рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Навагрудскай выбарчай акрузе №57.
Зарэгістраваны наступныя грамадзяне:

Антонаў Валерый Анатольевіч,
нарадзіўся 31 жніўня 1982 года, інжынер аддзела збыту рэгіянальнага прадстаўніцтва ў г. Гродна закрытага акцыянернага таварыства “Белцепламашбуд”, жыве ў г. Лунінцы Брэсцкай вобласці, член Ліберальна-дэмакратычнай партыі, сума гадавога даходу за 2015 год – 185978037 бел. руб., ва ўласнасці мае – 1/6 долі кватэры ў Літоўскай Рэспубліцы, зямельны ўчастак плошчай 0,0782 га ў Капцёўскім с/с Гродзенскага раёна, зямельны ўчастак плошчай 0,0792 га ў Адэльскім с/с Гродзенскага раёна, 1/2 долі гаража плошчай 24 кв. м. у г. Лунінцу.

Казец Кацярына Іванаўна,
нарадзілася 7 жніўня 1981 года, галоўны спецыяліст аддзела дзяржаўнай службы занятасці упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Навагрудскага райвыканкама, жыве ў г. Навагрудку Гродзенскай вобласці. Член Камуністычнай партыі Беларусі, сума гадавога даходу за 2015 год – 83030460 бел. руб., ва ўласнасці мае – 1/2 долі ў кватэры плошчай 30,3 кв. м.

Круцікаў Уладзімір Уладзіміравіч,
нарадзіўся 9 мая 1959 года, майстар энергамеханічнага аддзела аўтазборачнай вытворчасці «Неман» адкрытага акцыянернага таварыства «Мінскі завод колавых цягачоў», жыве ў г. Лідзе Гродзенскай вобласці, сябра партыі БНФ, сума гадавога даходу за 2015 год – 43892100 бел. руб., уласнасці не мае.

Папко Вольга Мікалаеўна,
нарадзілася 24 ліпеня 1976 года, дырэктар установы «Музей «Замкавы комплекс «Мір», жыве ў в. Тэльмы-1 Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці, беспартыйная, сума гадавога даходу за 2015 год – 159319027 бел. руб., ва ўласнасці мае аўтамабіль СУЗУКИ-АЛТО 2009 года выпуска.

Суіскальнікі дэпутацкіх мандатаў уваходзяць у самы яркі, відовішчны і шматабяцальны перыяд – этап перадвыбарнай агітацыі. На інфармацыйных стэндах сталі з’яўляцца першыя агітацыйныя матэрыялы.
Варыянты вядзення перадвыбырнай агітацыі дужа разнастайныя: ад выступлення перад выбаршчыкамі на сходах да тэлевізійных дэбатаў з канкурэнтамі. Умова адна – няўхільнае прытрымліванне патрабаванняў заканадаўства аб выбарах, масавых мерапрыемствах і ў сферы СМІ.
На гэтым тыдні на сайце ЦВК з’явіўся новы раздзел «Апублікаванне перадвыбарных праграм» – у рэдакцыі газет, якія вызначаны выбарчым заканадаўствам, ужо паступаюць праграмы зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты.
12 жніўня адбылася жараб’ёўка выступленняў кандыдатаў на тэлебачанні і радыё. Наша выбарчае заканадаўства дае ім такую магчымасць, прычым бясплатна. Трэба мець на ўвазе, што падчас выступлення нельга выкарыстоўваць аўдыё- і відэаматэрыялы: выбаршчык будзе ацэньваць менавіта кандыдата, а не зробленую ім карцінку.
Па тэлебачанні ўсе выступленні будуць трансліравацца з 19.00 да 20.00 – у самы рэйтынгавы час. Працягласць абмежавана пяццю хвілінамі, аднак кандыдат пры жаданні можа ўкласціся і ў адну.
Агітацыйныя тэлевыступленні пачнуцца ўжо ў панядзелак, 15 жніўня, і будуць ісці ў будныя дні да 2 верасня.

Іна МІХАЙЛАВА.

Добавить комментарий