Амаль чвэрць веку кіраўнік навучальнай установы

Галіна Мікалаеўна БУХАВЕЦ дваццаць тры гады працуе дырэктарам ДУА “Аюцавіцкі ВПК дзіцячы сад- базавая школа”, а трыццаць тры гады складае яе педагагічны стаж у гэтай навучальнай установе. З нагоды Дня настаўніка журналіст сустрэлася з ёю, каб пацікавіцца сакрэтамі прафесійнага майстэрства.foto-086— Амаль чвэрць веку Вы працуеце кіраўніком навучальнай установы. Што лічыце асноўным у сваёй педагагічнай працы?
— Дырэктар як гаспадар школы, якому трэба бачыць усё, ад адукацыйнага працэсу да спраў у школьнай сталовай. Самае галоўнае — бяспека і здароўе дзяцей. Стараемся выконваць адукацыйныя запыты дзяцей і іх бацькоў, ствараць камфортныя ўмовы для знаходжання і навучання дзяўчынак і хлопчыкаў ва ўстанове адукацыі, і калектыву школы ўдаецца гэта зрабіць.
— Вучні, настаўнікі і бацькі — тры звяны звязаны паміж сабою, і разарваць гэты ланцужок было б непажадана. У Вас на гэты конт ёсць свае сакрэты?
— Гэта сапраўды тры звяны адукацыйнага працэсу, таму наладжваем цесную сувязь у першую чаргу з бацькамі. Гэта агульнашкольныя і класныя бацькоўскія сходы, дні адкрытых дзвярэй, агульнашкольныя мерапрыемствы. Бацькам аказваецца псіхолага-педагагічная дапамога праз індывідуальныя гутаркі, яны — частыя госці ў школе. Ёсць узаемаразуменне, што садзейнічае станоўчаму вырашэнню ўсіх пытанняў, якія закранаюць адукацыйны працэс. У гэтым навучальным годзе бацькі далучыліся да яго. Напрыклад, Таццяна Іванаўна Ушакова будзе весці занятак па інтарэсах “Фантазія”.
— Узначальваемая Вамі навучальная ўстанова з года ў год патанае ў кветках. І гэта, безумоўна, радуе, што любоў да прыгажосці прывіваецца дзецям са школьных гадоў. Хто з’яўляецца ініцыятарам гэтай патрэбнай справы?
— Працуем у экалагічным накірунку ўжо даўно. Я па спецыяльнасці біёлаг, таму мне гэтая справа бліжэй. У школе сустрэла настаўнікаў-аднадумцаў, якія падтрымалі маю ініцыятыву. Вось ужо каля дваццаці гадоў ствараем прыгажосць, якая радуе не толькі нас, але і акружаючых. Галоўнае — прывіваем дзецям любоў да прыроды, вучым ствараць прыгожае сваімі рукамі і берагчы гэта. Спадзяюся, што ў жыцці яны стануць добрымі гаспадарамі і будуць любіць сваю зямлю. Кожны год нашы выпускнікі выбіраюць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, а многія з іх вяртаюцца на сваю маленькую радзіму.
— Ад педагогаў таксама залежыць, якімі вырастуць вучні. А якім, на Ваш погляд, павінен быць сённяшні настаўнік?
— Настаўнік павінен умець раскрыць душу дзіцяці, бачыць у ім асобу, развіваць здольнасці, дапамагчы вызначыцца ў жыцці, стаць сумленным і чулым чалавекам. А каб гэта атрымалася, настаўнік сам павінен быць творчым, крэатыўным, крочыць у нагу з часам і не спыняцца на дасягнутым.
— З нагоды Дня настаўніка Вам хацелася б кагосьці ўспомніць, хто адыграў асаблівую ролю ў Вашай педагагічнай дзейнасці?
— Я ўдзячна свайму класнаму кіраўніку Пагарэлкаўскай СШ Турмовіч Святлане Мікалаеўне і ўсяму педагагічнаму калектыву гэтай установы. Менавіта яны заклалі любоў да педагагічнай працы і дапамаглі вызначыцца ў жыцці.
— Галіна Мікалаеўна, які наказ Вы можаце даць маладым педагогам раёна?
— Любіць дзяцей і бачыць у іх асобы, а таксама сваю справу і не здраджваць ёй. Няхай у іх усё атрымаецца ў жыцці.
Гутарыла
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Святланы ВАШЧЫЛА.

Добавить комментарий