Лілія Ананіч: «Захаваць увагу да кнігі здольная найперш сама кніга»

министр сми

— Лілія Станіславаўна, ужо традыцыйна ў краіне штогод праходзяць два знакавыя мерапрыемствы, прысвечаныя, скажам так, прыгожаму пісьменству і пісьменству ўвогуле, — Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш у лютым і Дзень беларускага пісьменства ў верасні. Скептыкі заўважаюць: ці не занадта для нашай невялікай краіны два такія прадстаўнічыя форумы з падобнай тэматыкай на год?.. Давайце патлумачым ім і ўсім астатнім чытачам, у чым жа прынцыповае адрозненне гэтых мерапрыемстваў.
— Пачнём усё-ткі з таго, што іх аб’ядноўвае. І ў лютым, і ў верасні на названыя мерапрыемствы збіраюцца людзі, якія маюць цікавасць да кнігі, да мастацкага слова, да літаратуры. І з гонарам можна адзначыць, што такіх людзей у нашай краіне шмат, магчыма, менавіта таму замежныя госці з радасцю прымаюць запрашэнне далучыцца да гэтых важных падзей у культурным жыцці Беларусі і паўдзельнічаць у іх.
Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая традыцыйна праходзіць менавіта ў сталіцы, — гэта кніжны форум, практыка правядзення якіх існуе і ў іншых краінах. Тут можна прыгадаць Маскоўскую выставу-кірмаш (дарэчы, яна адбудзецца ў верасні і актыўны ўдзел у ёй прымуць і беларускія выдавецтвы), і выставу ў Франкфурце — найбуйнейшую ў свеце (туды мы толькі пракладваем дарогу). Кожны раз гэта своеасаблівы агляд кнігавыдавецкай галіны розных краін, падчас якога выдаўцы, пісьменнікі і чытачы маюць пляцоўку для шчырай размовы і абмену досведам… Магу адказна зазначыць: Мінскі кніжны форум выглядае вельмі годна і па арганізацыі, і па прадстаўніцтве: сёлета ў ім прынялі ўдзел прадстаўнікі амаль двух дзясяткаў краін.
А вось Дзень беларускага пісьменства — гэта менавіта наша нацыянальнае свята, якое афіцыйна мае статус дзяржаўнага. І найбольшая ўвага на ім — менавіта нашым, беларускім, духоўнасці, асветніцтву, літаратуры, іх адметнасці і непаўторнасці.
Сталіца свята штогод перамяшчаецца ў іншы горад: як правіла, гэтыя гарады маюць дачыненне да развіцця нацыянальнай культуры, асветы, кнігавыдання. Іх спіс вялікі: Полацк, Тураў, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын. Сёлета цэнтрам святкавання стане Рагачоў, адзін з самых старажытных нашых гарадоў. Налета свята будзе прымаць Полацк — у год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, пачатак якому паклалі кнігі палачаніна Францыска Скарыны, іначай і быць не можа.
Штогод свята беларускага пісьменства ў гарадах, дзе яно праводзіцца, выконвае не толькі духоўна-асветніцкую функцыю, але і сацыяльную. Стала ўжо добрай традыцыяй, што гэтыя гарады атрымліваюць новы імпульс для развіцця. Да Дня беларускага пісьменства іх добраўпарадкуюць, праводзяцца работы па рэканструкцыі і аднаўленні будынкаў, вуліц і плошчаў, адкрываюцца новыя сацыяльна-культурныя аб’екты…
— І Рагачоў тут не стане выключэннем. Акрамя добраўпарадкавання, горад атрымае ў падарунак Дом кнігі: у адным будынку размесцяцца кнігарня, бібліятэка і чытальная зала. Наколькі вядома, менавіта Міністэрства інфармацыі стала ініцыятарам адкрыцця ў Доме кнігі кнігарні. Можна лічыць, што пакладзены пачатак яшчэ адной добрай традыцыі?
— У Рагачове дагэтуль не было спецыялізаванага кніжнага магазіна, і падобнага падарунка гараджане чакалі даўно. Ведаю, што яшчэ да афіцыйнага адкрыцця, якое адбудзецца непасрэдна падчас свята, «Першацвет» (так называецца кнігарня) выклікаў павышаную цікавасць рагачоўцаў і жыхароў раёна. Можна спадзявацца, што будзе яна папулярнай і надалей. Што датычыцца традыцыі… Традыцыяй, на мой погляд, павінна стаць іншае — кніжны магазін павінен быць у кожным райцэнтры, у кожным буйным пасёлку, незалежна ад таго, праводзіцца там якое свята ці не. Калі мы хочам заставацца адукаванай нацыяй, кніга павінна быць у блізкім доступе для кожнага. Міністэрства сумесна з прадпрыемствам «Белкніга» актыўна працуе ў гэтым кірунку.
— Падчас падрыхтоўкі і правядзення Дня беларускага пісьменства ў калялітаратурных і чытацкіх колах апошнім часам адна з самых папулярных дыскусій — як захаваць увагу да кнігі, да друкаванага слова, што супрацьпаставіць «кліпаваму мысленню», што зрабіць, каб тыя ж кнігарні, бібліятэкі і чытальныя залы не пуставалі…
— Захаваць увагу тут здольная найперш… сама кніга. Менавіта друкаваная кніга. Даследаванні псіхолагаў і сацыёлагаў, якія праводзіліся апошнім часам, сведчаць: «кліпавае» чытанне на экране камп’ютара не дае чалавеку так званага адчування «плыні», якое ў сучасным грамадстве ў многіх тоеснае з адчуваннем шчасця. Гэта калі чытанне настолькі захапляе, што ты на нейкі момант адлучаешся ад рэальнасці і паглыбляешся ў рэальнасць, выдуманую аўтарам. А вось наколькі кніга здольная захапіць — гэта пытанне выключна таленту пісьменніка.
— Бясспрэчна, якасць літаратуры застаецца самым важным фактарам для рэальнага або патэнцыйнага чытача. Заахвоціць пісьменнікаў да пошуку цікавых тэм і іх творчага ўвасаблення заклікана была і Нацыянальная літаратурная прэмія, якая летась была ўручана на Дні беларускага пісьменства ўпершыню. Цяпер, калі настаў час падводзіць вынікі другі раз, ці можна сказаць пра тое, што літаратурны працэс ажывіўся, што журы ёсць з чаго выбіраць, што заснаванне падобнай прэміі сябе апраўдала?
— Сёлета на сем намінацый прэміі было прадстаўлена больш за трыццаць літаратурных твораў розных жанраў. Для невялікай краіны, як наша, ужо тое, што за год з’явілася трыццаць новых твораў, — значны паказчык. А гэта ж не проста творы, а тыя, што могуць прэтэндаваць на найвышэйшую літаратурную ўзнагароду.
Пісьменнікі працуюць, творчая пераемнасць не страчана — паглядзіце, колькі цікавых аўтараў з’яўляецца на старонках часопіса «Маладосць». Дый у іншых літаратурна-мастацкіх часопісах — «Полымі», «Нёмане»— рэдакцыйныя партфелі, я ведаю, таксама не пустуюць.
— На свята ў Рагачоў сёлета ўпершыню прыедуць прадстаўнікі беларускіх дыяспар амаль з дваццаці краін свету. Для іх рыхтуецца нейкая адмысловая праграма?
— Паколькі нашы суайчыннікі з далёкага і блізкага замежжа будуць прысутнічаць на Дні беларускага пісьменства ўпершыню, уся праграма свята будзе для іх цікавай і адмысловай. Думаю, што госці з задавальненнем наведаюць Фестываль кнігі і прэсы, які разгорнецца ў цэнтры Рагачова, тэматычныя выставы, прысвечаныя пісьменнікам-юбілярам; даведаюцца, як працуе адноўлены друкарскі станок часоў Францыска Скарыны; паглядзяць спектакль «Пясняр», які прывязе драматычны тэатр імя Горкага… А налета, магчыма, мы ўжо зможам вітаць сваіх суайчыннікаў з-за мяжы не як гасцей, а як удзельнікаў свята, бо беларускае пісьменства і ідэі беларускага асветніцтва вельмі актуальныя ў нашых дыяспар за мяжой.
— Сёлета міжнародны «круглы стол», правядзенне якога — таксама адна з традыцый Дзён беларускага пісьменства, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, якое будзем адзначаць налета. Тэма яго — «Слова Скарыны ў сучасным свеце». Якія намаганні наша краіна, у тым ліку, зразумела, Міністэрства інфармацыі, прыкладае, каб гэты юбілей набыў сапраўды сусветнае, міжнароднае гучанне?
— Само правядзенне «круглага стала» з названай тэмай — не што іншае, як прыцягненне ўвагі міжнароднай культурнай супольнасці да асобы Скарыны, значэння яго дзейнасці для беларускай і сусветнай культуры. Плануецца, што ў мерапрыемстве, акрамя беларускіх, прымуць удзел пісьменнікі з 12 краін: Азербайджана, Вялікабрытаніі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Расіі, Сербіі, Славакіі,Таджыкістана, Туркменістана. А гэта значыць, што ў гэтых краінах творчая суполка ўжо дакладна будзе ведаць пра нашу знакавую дату. Паспрыяць гэтаму заклікана і ўнікальная кніга «Францыск Скарына на мовах народаў свету», якая пабачыла свет ў Выдавецкім доме «Звязда». У ёй пад адной вокладкай сабраныя пераклады прадмовы Скарыны да кнігі «Юдзіф» на 64-х мовах свету. Думаю, што гэта не мяжа, і ў юбілейны год можа з’явіцца дапоўненае перавыданне… Увогуле, наступны год юбілейны, і цяпер вядзецца вялікая падрыхтоўчая работа, у тым ліку і з міжнароднымі арганізацыямі (уключаючы ЮНЕСКА), каб 500-годдзе нашага кнігадрукавання было адзначана як важная для ўсёй сусветнай супольнасці дата.
Алена ЛЯЎКОВІЧ.
alena@zviazda.by
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА.

Добавить комментарий