Пра парадак на зямлі і пісьмы гора-дзецям

Менавіта пра абазначаныя вышэй тэмы вялася размова на пасяджэнні рабочай групы па каардынацыі дзейнасці аглядных камісій.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Леанідавіч Шайбак звярнуў увагу прысутных на навядзенне парадку на зямлі, адсутнасць фармалізму ў рабоце, а таксама — падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона і пісьмы гора-дзецям, якім трэба напомніць наведаць бацькоў.
Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык узняў пытанне па навядзенню парадку ў будынках, якія не выкарыстоўваюцца. “На закінутых аб’ектах адбываюцца правапарушэнні. Калі певень клюнуў, то тады прымаем меры”, — сказаў прамоўца. Камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях неабходна зрабіць аб’езд гэтых аб’ектаў. Пракантраляваць устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у ведамасным жыллі.
Надзённыя пытанні ўзняла дырэктар ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” Інэса Мікалаеўна Семібратава. А гэта: падрыхтоўка печаў да ацяпляльнага сезона, чыстка дымаходаў, рамонт электаправодкі адзінокім, змяшчэнне іх на сацыяльныя ложкі, забеспячэнне маючых патрэбу ветэранаў вайны і адзінокіх палівам і бульбай на зіму.
У полі зроку ўдзельнікаў рабочай групы застаюцца і пытанні пажарнай бяспекі. Намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Васільевіч Карповіч адзначыў, што пажарныя пішуць пісьмы ўладальнікам, у якіх указваюць навесці парадак на зямлі. Пад пастаянным кантролем пажарнай службы знаходзіцца жыллё грамадзян. Таксама вялася размова пра новыя віды абсталявання, якія садзейнічаюць бяспечнаму пражыванню грамадзян.
У правядзенні пасяджэння рабочай групы прыняў удзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў, які закрануў пытанне навядзення парадку на зямлі.
Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий