Хто Вы, элегантны падарожны?

На зыходзе лета на адной з шыбаў у Карэлічах быў заўважаны незвычайны госць – багамол. Адкуль ва ўмераных шыротах з’явілася гэтае насякомае-драпежнік, для якога больш звыклы арэал пражывання – Паўднёвая Еўропа, Пярэдняя і Сярэдняя Азія ды Афрыка?IMG_3310
Гэты элегантны падарожны, як расказаў загадчык лабараторыі наземных беспазваночных жывёлін НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсам Алег Васільевіч Прышчэпчык, на сёння лічыцца ў нашай краіне дастаткова тыповым відам. Упершыню багамолы пачалі рэгістравацца на Палессі дзесьці гадоў 40 таму. У другой палове 2000-х насякомае мігрыравала бліжэй да сталіцы і вышэй – на поўнач. Факты яго з’яўлення ў цэнтральнай і паўночнай абласцях Беларусі сталі неадзінкавымі. Зараз ён – частка беларускага жывёльнага свету, хаця, канечне, сустрэчы з такім “жыхаром поўдня” людзей яшчэ здзіўляюць.
Як лічыцца, “міграцыя” багамола ў нашыя шыроты звязана з кліматычнымі зменамі, павышэннем тэмпературы навакольнага асяроддзя. Да спадобы паўднёваму госцю, верагодна, прыйшліся і даволі цёплыя беларускія зімы.
Ці небяспечны багамол для сельгасвытворцаў? Навукоўцы сцвярджаюць, што не. Палеткі ён не знішчае. Насякомае “палюе” на мух, павучкоў, тлю – на ранніх стадыях развіцця, пазней – на конікаў і кабылак. Здараецца, ужывае ў ежу сабе падобных.
Святлана ВАШЧЫЛА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий