Якія змены з’явяцца ў школьным раскладзе ў новым навучальным годзе?

Пачынаючы з 2 класа, на вывучэнне беларускай і рускай моў будзе адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін (незалежна ад мовы навучання ва ўстанове): у малодшых школьнікаў будзе па тры ўрокі рускай і беларускай мовы на тыдзень і па некалькі гадзін літаратуры. Пакуль новаўвядзенне запрацуе толькі ў другім класе, але праз год — у трэцім, а потым і ў чацвёртым. Такім чынам пачатковая школа паступова прыйдзе да аднолькавай колькасці гадзін па беларускай і рускай мовах. Па звестках Белстата, у мінулым навучальным годзе на беларускай мове навучаліся толькі 13,7% ад агульнай колькасці школьнікаў.

А вось вывучэнне фізікі ў беларускіх школьнікаў будзе распачынацца цяпер на год пазней — з 7-га класа, пры гэтым агульная колькасць вучэбных гадзін, адведзеных на вывучэнне фізікі на ІІ ступені школы, застанецца нязменнай: у 9-м класе будзе ўжо не два, а тры ўрокі фізікі на тыдзень.
Таксама з новага навучальнага года распачнецца паэтапнае ўвядзенне прадмета «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» (АБЖ). У курс увойдуць такія тэмы, як бяспека харчавання, знаходжанне ў месцах адпачынку і масавага збору людзей, рызыкі паводзін і іншыя. АБЖ уводзіцца ў другіх і пятых класах у аб’ёме адной навучальнай гадзіны на тыдзень з унясеннем у расклад вучэбных заняткаў. Адзнакі ў балах па АБЖ выстаўляцца не будуць, хатнія заданні не прадугледжаны. У 3-х, 4-х, 6—9-х класах абавязковае вывучэнне АБЖ працягнецца на факультатыўных занятках. Пераход з факультатыўных заняткаў на навучальны прадмет будзе ажыццяўляцца паступова цягам трох гадоў. Такім чынам, змена статусу АБЖ не павялічыць нагрузку на вучняў.
Вывучаць прадмет «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)», які летась вярнуўся ў школу, вучні будуць таксама без адзнак і хатніх заданняў. У Міністэрстве адукацыі вырашылі, што гэта не той прадмет, дзе патрабуюцца адзнакі ў балах.
Апошняе новаўвядзенне 2016/2017 навучальнага года — абноўленая праграма па прадмеце «Працоўнае навучанне». Цяпер у 6-м класе прадугледжаны 2 гадзіны на тыдзень на вывучэнне гэтага прадмета. Агульная колькасць гадзін не зменіцца, паколькі будзе зменшана колькасць гадзін у 8-м класе (з дзвюх да адной гадзіны). Спецыялісты абяцаюць, што праграмы па гэтай школьнай дысцыпліне стануць больш практыка-арыентаванымі. Школьнікаў будуць вучыць рамантаваць мэблю, сталярную фурнітуру, карыстацца ручным інструментам, займацца рамонтам электрычнага абсталявання. Па напрамку «Абслуговая праца» таксама былі ўлічаны пажаданні настаўнікаў і бацькоў. Дзяўчатак навучаць прыгатаванню страў, асновам хатняй гаспадаркі. Усіх, хто пажадае (не толькі дзяўчатак), навучаць, як сервіраваць стол, як правільна падаваць стравы і прымаць гасцей і іншым не менш карысным у жыцці навыкам.
У 2016/2017 навучальным годзе ў адукацыйным працэсе будуць выкарыстоўвацца 14 падручнікаў новага пакалення. А да 2020 года ў Міністэрстве адукацыі запланавана выданне 299 найменняў падручнікаў, з іх 185 — гэта абсалютна новыя выданні. (Сёння ўсе папяровыя падручнікі, якія атрымліваюць дзеці, можна знайсці ў РDF-фармаце на Нацыянальным адукацыйным партале.)
Першая вучэбная чвэрць будзе доўжыцца ў беларускіх школах з 1 верасня па 29 кастрычніка. Другая — з 8 лістапада па 24 снежня. Трэцяя — з 9 студзеня па 25 сакавіка і чацвёртая — з 3 красавіка па 31 мая.
Такім чынам, працягласць асенніх канікулаў складзе 9 дзён (з 30 кастрычніка па 7 лістапада ўключна). Зімой школьнікі будуць адпачываць 15 дзён (з 25 снежня 2016 года па 8 студзеня 2017 года) і вясной — 8 дзён (з 26 сакавіка па 2 красавіка).
Для навучэнцаў першых і другіх класаў у трэцяй вучэбнай чвэрці прадугледжаны дадатковыя зімовыя канікулы (з 13 па 19 лютага 2017 года) агульнай працягласцю 7 дзён.
Надзея НІКАЛАЕВА.
nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу.

Добавить комментарий