Адбылося чарговае пасяджэнне рабочай групы па каардынацыі дзейнасці аглядных камісій

Адбылося чарговае пасяджэнне рабочай групы па каардынацыі дзейнасці аглядных камісій пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Руслана Юр’евіча Абрамчыка. Падчас правядзення нарады былі ўзняты актуальныя пытанні дня.
Як адзначалася, зараз удзельнікі рабочай групы будуць збірацца два разы ў месяц для абмеркавання злабадзённых пытанняў і два разы для іх вырашэння на месцах. Час зараз адказны — наперадзе ацяпляльная кампанія, і да яе правядзення неабходна падрыхтавацца як трэба.
Дырэктар ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” Інэса Мікалаеўна Семібратава закранула пытанні спраўнасці электраправодкі і печаў, устаноўкі сігнальна-гукавых устройстваў, забеспячэння пажылых людзей палівам і гароднінай на зіму.
Праінфармаваўшы пра супрацьпажарную абстаноўку ў рэспубліцы, вобласці і раёне, начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталій Канстанцінавіч Рыбак спыніўся на праблемных пытаннях, якія датычаць неблаганадзейных сем’яў. Разглядалася пытанне па абавязаных асобах, у полі зроку ўдзельнікаў рабочай групы знаходзіцца кожны канкрэтны чалавек.
Начальнік Карэліцкага цэха газавай гаспадаркі Мікалай Мікалаевіч Радзецкі засяродзіў увагу на правядзенні абследавання дымавых каналаў у ведамасным жыллі. Трэба праверыць супрацьпажарны стан сельгасаб’ектаў раёна. Разам з тым не забываць накіроўваць пісьмы тым дзецям, якія павінны наведаць састарэлых бацькоў, і дапамагчы ім падрыхтаваць жылыя памяшканні да ацяпляльнага сезона.
Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий