Свята мудрасці, дабра і павагі

Дзень пажылых людзей — яшчэ адна магчымасць выказаць словы прызнання людзям паважанага ўзросту, адрасаваць цудоўныя вершы і песні, уручыць падарункі. Увагу і павагу яны заслужылі сумленнай працай, актыўнай жыццёвай пазіцыяй і добразычлівымі адносінамі да іншых. З гэтай нагоды ладзяцца сустрэчы з людзьмі залатога ўзросту, і мерапрыемствы становяцца святамі мудрасці, дабра і павагі.
Адкрытая і шчырая размова
Старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Леанідаваіч Шайбак вёў адкрытую і шчырую размову з людзьмі пажылога ўзросту, якія сабраліся ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кіраўнік раённай вертыкалі падрабязна расказаў пра справы ў народнай гаспадарцы і сацыяльнай сферы, а таксама падзяліўся сваімі задумкамі. Віктар Леанідавіч выказаў словы вялікай удзячнасці ветэранам працы за іх уклад у агульную скарбонку Карэліцкага краю, заклікаў прадаўжаць рабіць карысныя справы. Пажадаў здароўя, дабра, цеплыні, камфорту і міру ім і іх сем’ям.
У прамове начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іны Аляксандраўны Богуш прагучала ўдзячнасць людзям пажылога ўзросту, якія адклікнуліся і сталі членамі гурткоў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. “Вы — сапраўдныя творцы, змагаецеся за здаровы лад жыцця, асвойваеце камп’ютар, знаходзіце заняткі па інтарэсах”, — сказала яна, заклікаўшы прапаноўваць новыя праекты і прымаць у іх актыўны ўдзел.
Дырэктар ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” Інэса Мікалаеўна Семібратава пажадала людзям пажылога ўзросту не старэць душой, а для гэтага наведваць Цэнтр, дзе яны змогуць знайсці занятак для сябе і з карысцю правесці вольны час. Падзякавала ўсім тым, хто аказвае дадзенай установе дапамогу і падтрымку.
У правядзенні сустрэчы прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў і старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя газеты “Полымя” Іна Міхайлаўна Санчук.
“Шануй сваіх
бацьку і маці”
Благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса гаварыў пра сэнс жыцця. Яно праходзіць хутка, але ў ім шмат карыснага, і трэба цаніць яго. Святар нагадаў пра нядаўнія сустрэчы, калі з сёстрамі Сястрыцтва наведвалі інвалідаў на даму — пасля іх засталося шмат пазітыўных эмоцый. У іх ёсць чаму павучыцца — любові да жыцця.
Святар падзякаваў прысутным за багаты жыццёвы вопыт, нагадаўшы пры гэтым мудрыя словы: “Шануй сваіх бацьку і маці”.
Напрыканцы сваёй прамовы Мікалай Орса пажадаў прысутным здароўя, каб іх шанавалі дзеці, у сем’ях панаваў дабрабыт, а ў сэрцах — радасць.
Падарылі добры
настрой
Святам мудрасці, дабра і павагі назвала Дзень пажылых людзей загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ “ЦСАН Карэліцкага раёна” Наталля Міхайлаўна Расюкевіч. І гэта пацвердзілася на справе.
Самадзейныя артысты падарылі прысутным шмат музычных нумароў і вершаваных твораў. Слухаць іх была адна асалода. Да таго ж, у фае Цэнтра прыцягнула ўвагу выстава работ удзельнікаў гурткоў аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і маладых інвалідаў — ад вырабаў няпроста было адвесці вочы.
Шмат таленавітых людзей на Карэліччыне, і ўзрост не перашкода для творчых і знаходлівых. Парадавалі выступленні ўдзельнікаў жаночай вакальнай групы “Поющие сердца” ЦСАН і мужчынскай вакальнай групы раённага хора ветэранаў. А таксама — Лідзіі Алясюк, дуэтаў у складзе Марыі Біба і Соф’і Утлік, Неанілы Мірачыцкай і Тамары Юрчык. Гучнымі апладысментамі слухачы выказвалі падзяку Станіславу Лычкоўскаму за выкананыя песні “Серенада” і “Журавли”.
А якія цудоўныя вершы прачытала Антаніна Аўчыннікава пра залатую восень! Сваё майстэрства ў чарговы раз прадэманстраваў Васіль Чартко з гумарэскай “Дзед і Інтэрнэт”. Танцавальная група Цэнтра выканала народна-бытавыя танцы.
Прадстаўнікі маладога пакалення Святлана Моніч і Руслан Ганчароў таксама падарылі добрыя музычныя творы.
Добры настрой прысутным узнімалі і навучэнцы Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Яўген Малышка, Ілля Валчэцкі, Вікторыя Дрык, Арына Скібіна, Яна Бабанская, Максім Знайдзён, Улада Шыманская і ўдзельнікі эстраднай вакальнай групы “Усмешка” і гуртка “Духоўнасць”.
Свята атрымалася. Яно вярнула прысутных у далёкую маладосць і ўзняло добры настрой. Дапамаглі ў гэтым талент і майстэрства нашых землякоў, якія любяць песні, вершы, танцы — тое, што акрыляе, узнімае настрой і робіць жыццё змястоўным і цікавым.den-pozhilyx-006 den-pozhilyx-012 den-pozhilyx-032 den-pozhilyx-060 den-pozhilyx-085
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Іны САНЧУК.

Добавить комментарий