У чытальнай зале раённай бібліятэкі адбылася рэтра-сустрэча “Гэта было нядаўна, гэта было даўно”

У чытальнай зале ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” адбылася рэтра-сустрэча “Гэта было нядаўна, гэта было даўно” для ўдзельнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна”. Была арганізавана выстава іх работ.
Вядучыя сустрэчы: бібліятэкары аддзела абслугоўвання і інфармацыі Алена Васільеўна Лісоўская і Кацярына Вадзімаўна Нячай.
Скарбніцай жыццёвага вопыту і мудрасці называюць людзей паважанага ўзросту. Яны перадаюць веды і вопыт дзецям і ўнукам, падтрымліваюць іх у жыццёвых сітуацыях і даюць карысныя парады. Нашчадкі імкнуцца аддзячыць прадстаўнікоў старэйшага пакалення — арганізоўваюць святы, дораць падарункі, выказваюць пажаданні.
Самая вялікая каштоўнасць — здароўе. У састарэлым узросце яно патрабуе асаблівай увагі. На сустрэчу прыйшлі медыкі, каб даць рэкамендацыі і правесці акцыю “Змерай свой ціск”. Нагадаўшы пра рэспубліканскую акцыю “Разам супраць рака малочнай залозы”, урач участковы тэрапеўт, анколаг Алена Іванаўна Канцэвіч заклікала прысутных звяртаць увагу на сваё самаадчуванне і праходзіць абследаванне, а фельчар-валеёлаг УАЗ “Карэліцкая ЦРБ”, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Святлана Мікалаеўна Санцэвіч пажадала моцнага здароўя, заставацца маладымі душой, перадаваць урокі працалюбства дзецям і ўнукам.
Інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аксана Сяргееўна Скок расказала пра аўтаномны пажарны апавяшчальнік (як працуе, як праверыць, у якім пакоі лепш устанавіць), раіла набываць гэты прыбор. Пажадала здароўя і пазітыву ў жыцці.
А якое свята без добрай песні, якая ўзнімае настрой? Музычныя творы падарыў удзельнікам сустрэчы дырэктар ДУК “Карэліцкі маладзёжны цэнтр” Максім Мікалаевіч Кудзін, а вучні першага класа ДУА “СШ № 1 г. п. Карэлічы” прысвяцілі вершаваныя радкі бабулям.
Пастараліся на славу і гаспадары: бібліятэкары імкнуліся зрабіць сустрэчу запамінальнай, і ім гэта ўдалося. Марына Уладзіміраўна Шульц прачытала вершы, а вядучыя пазнаёмілі з гісторыяй Дня пажылых людзей, прадэманстравалі выканальніцкае майстэрства ў сцэнцы, а таксама паказалі відэафільмы пра карысць мёду і іншыя.
Госці падзяліліся таксама сваімі талентамі. Жыхарка райцэнтра Марыя Мікалаеўна Лаўрушчык прачытала ўласную гумарэску “У Пост у госці не хадзі”, а ўдзельнікі сустрэчы праспявалі песні сваёй маладосці.
Загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” Наталля Міхайлаўна Расюкевіч шчыра падзякавала супрацоўнікам раённай бібліятэкі за цудоўнае свята, пажадала творчых поспехаў і шмат чытачоў, выказала спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва: цікавыя сустрэчы яшчэ наперадзе.akciya-007 akciya-crb-023 akciya-crb-039 akciya-crb-047
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Іны САНЧУК
і Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий