У Райцаўскім сельскім Савеце праведзены шырокамаштабны сельскі сход

У Райцаўскім сельскім Савеце праведзены шырокамаштабны сельскі сход па пытаннях стану пажарнай бяспекі, правапарадку, бяспечнай жыццядзейнасці.
Пад пільнай увагай — канкрэтны чалавекfoto-053
Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык назваў мэтай правядзення сельскіх сходаў — захаванне жыцця чалавека. Людзі гінуць ад няшчасных выпадкаў, на дарогах, у пажарах, учыняюць суіцыды — дапусціць гэтага нельга. Да прыкладу, калі ўзнікае пажар, то адказныя асобы стараюцца знайсці прычыну няшчаснага выпадку: ці была адрамантавана электраправодка, ці ўсё зроблена да ацяпляльнага сезона ў дамах адзінокапражываючых грамадзян, ці накіраваны пісьмы дзецям з напамінам наведаць састарэлых бацькоў — пытанняў узнікае шмат, і іх трэба вырашыць.
Руслан Юр’евіч перакананы, што сельскія сходы патрэбны — падчас іх правядзення вяскоўцы атрымліваюць шмат інфармацыі. Прадстаўнікі раённых службаў даюць тлумачэнні на розныя тэмы, можна задаць хвалюючыя пытанні і атрымаць адказы.
Прамоўца нагадаў пра тое, што на пасяджэннях рабочай групы па каардынацыі дзейнасці аглядных камісій разглядаецца кожны выпадак, пад пільнай увагай — канкрэтны чалавек.
Галоўнае —
чалавечы фактар
“Чалавек стагоддзямі выкарыстоўваў агонь, але і змагаўся з ім, — сказаў старшыня Райцаўскага сельвыканкама Валерый Фёдаравіч Бабко. — У наша жыццё прыходзіць прагрэс, дамы напаўняюцца новай бытавой тэхнікай. На жаль, яна можа загарацца. Калі прыходзіць злодзей, то пакідае сцены, а агонь забірае ўсё.”
Па меркаванні прадстаўніка мясцовай улады, найчасцей пажары ўзнікаюць там, дзе п’юць і кураць. Галоўнае — чалавечы фактар, людзі павінны прыстойна паводзіць сябе ў быту.
Валерый Фёдаравіч адзначыў, што сельскі сход — яшчэ адна магчымасць атрымаць карысную інфармацыю, зрабіць для сябе пэўныя вывады.
112 — універсальны нумар
Сваё выступленне начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталій Канстанцінавіч Рыбак падзяліў на чатыры блокі, інфармацыя кожнага заслугоўвае ўвагі. Прывёўшы статыстычныя даныя па пажарах, прамоўца засяродзіў увагу прысутных на ўніверсальным нумары 112, па якім у экстрэнных выпадках можна выклікаць усе неабходныя службы.
Актуальным пытаннем можна назваць падрыхтоўку печаў да ацяпляльнага сезона, і зрабіць гэта трэба загадзя. Не ў баку ад гэтай справы павінны быць дзеці састарэлых бацькоў. Разам з тым прамоўца расказаў прысутным пра тое, як трэба абыходзіцца з пячным ацяпленнем.foto-068
Віталій Канстанцінавіч закрануў пытанне выпальвання сухой расліннасці. Па магчымасці яе не трэба выпальваць, а калі вырашылі гэта рабіць, то найлепш у бязветранае надвор’е, трэба кантраляваць справу, каб не здарылася бяды.
Бацькам неабходна праяўляць клопат пра дзяцей, якія павінны знаходзіцца пад пастаянным наглядам. Праводзіць з імі гутаркі, як паводзіць сябе ў выпадку пажару і па якому нумару тэлефанаваць.
Быць прадбачлівымі
і ўважлівымі
Пра крымінальную абстаноўку на тэрыторыі раёна і сельсавета паведаміў начальнік Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Валерый Іванавіч Салаўёў, зазначыўшы пры гэтым, што яна застаецца спакойнай. Крадзяжы адбываюцца па віне нядбайных адносін саміх жа пацярпелых, таму ахоўнік правапарадку заклікаў быць прадбачлівымі і ўважлівымі, асабліва да незнаёмых, якія прыязджаюць у населеныя пункты раёна.
Валерый Іванавіч звярнуў увагу прысутных на светаадлюстроўваючыя элементы. Патрэба ў іх павялічваецца зараз, калі дні сталі карацейшымі і пахмурнымі, узрастае рызыка стаць удзельнікамі дарожна-транспартнага здарэння, чаго нельга дапусціць.
Самай вялікай праблемай начальнік РАУС лічыць алкагалізацыю насельніцтва. Разам з тым прасіў паведамляць у міліцыю пра тых, хто займаецца самагонаварэннем. Заклікаў не піць спіртных напояў — можа прывесці да бяды. Нагадаў пра выпадак у вёсцы Некрашэвічы: ад ужывання невядомай вадкасці вяскоўцы развіталіся з жыццём.
Злабадзённыя
пытанні
Падчас правядзення сельскага сходу быў ўзняты шэраг іншых злабадзённых пытанняў. Начальнік цэха газавай гаспадаркі Мікалай Мікалаевіч Радзецкі расказаў пра правілы карыстання газам у быту і выкарыстання газавага абсталявання, засяродзіў увагу на праверцы дымавых вентыляцыйных каналаў, праінфармаваў пра сігналізатары чаднага газу.
Пра захаванне абсталявання, у тым ліку электраправодкі, у спраўным стане вёў размову начальнік Энерганагляду Карэліцкага раёна Міхаіл Аляксандравіч Гацкі. Звярнуў увагу на той факт, што ў раёне вядзецца рамонт паветраных ліній, выключаюцца падстанцыі, у такія моманты ёсць магчымасць памяняць электра-праводку ў дамах, даў рэкамендацыі на гэты конт.
Дырэктар ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” Інэса Мікалаеўна Семібратава расказала пра надомнае абслугоўванне састарэлых грамадзян на тэрыторыі Райцаўскага сельсавета, аказанне паслуг разавага характару адзінокім грамадзянам, устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Інэса Мікалаеўна заклікала працаздольных дзяцей праяўляць клопат пра сваіх састарэлых бацькоў.
Увазе прысутных была прадстаўлена канцэртная праграма мясцовых самадзейных артыстаў.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Аксаны СКОК.

Добавить комментарий