На Карэліччыне адзначылі 99-годдзе святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі

00

У Карэлічах прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя 99-годдзю святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Мемарыяльны комплекс “Зорка” ў райцэнтры. Тут збіраюцца прадстаўнікі працоўных калектываў. Слова трымае сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Уладзіміраўна Беленава. Шчыра віншуючы з урачыстай датай, яна назвала рэвалюцыю “самай знамянальнай палітычнай падзеяй ХХ стагоддзя, азнаменаваўшай дагэтуль нябачаны ў гісторыі прарыў чалавецтва ў будучае”. Прамоўца, распавядаючы пра пройдзены шлях Вялікага Кастрычніка, заклікала памятаць і паважаць мінулае. Пажадала ўсім моцнага здароўя, аптымізму, упэўненасці ў сваіх сілах і новых дасягненняў на карысць нашай Радзімы.
Як адзначыла Марыя Уладзіміраўна, сёння раённая арганізацыя налічвае ў сваіх радах 27 членаў партыі, і яе рады пастаянна папаўняюцца.
У гэты дзень былі прыняты ў партыю мастацкі кіраўнік аддзела культуры і вольнага часу “Мірскі гарадскі Дом культуры” Валянціна Васільеўна Бусько і балетмайстар аддзела культуры і вольнага часу “Красненскі Дом культуры” Вольга Барысаўна Ложачнік. Ва ўрачыстай абстаноўцы быў ушанаваны жыхар райцэнтра Павел Васільевіч Буслейка ў сувязі з 50-годдзем знаходжання ў Камуністычнай партыі Беларусі. Ветэран партыі ўзнагароджаны Граматай Карэліцкай раённай арганізацыі КПБ і кнігай кандыдата гістарычных навук Уладзіміра Яўгеньевіча Ягорычава “История дает урок”.
Урачыстасць прадоўжылася ў ДУА “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў” — праведзена канцэртна-тэматычнае мерапрыемства “Пад Сцягам Кастрычніка”. Напачатку ўвазе прысутных быў прадстаўлены дакументальны фільм “Октябрь 1917. Белорусский сценарий”. Затым гучалі добрыя музычныя творы ў выкананні выхаванцаў дзіцячых школ мастацтваў і работнікаў устаноў культуры раёна. Гледачы зрабілі выснову, што ёсць свае таленавітыя выканаўцы і на Карэліччыне, якія могуць узрушыць душу і падарыць добры настрой.

01

02

03

05

Добавить комментарий