“Не бойцеся ісці на пенсію! Гэта падарунак жыцця”

novickaya-005Хутка бягуць гады. Не заўважыш — як трэба ісці на пенсію. Вось толькі жыццё не заканчваецца, і гэта залежыць у першую чаргу ад самога чалавека, яго жаданняў і імкненняў. Галоўнае — не сумаваць і не скардзіцца, а прадаўжаць жыць цікава і змястоўна, у кожным імгненні знаходзіць асалоду.
Як гэта ўдаецца жыхарцы райцэнтра Галіне Ільінічне НАВІЦКАЙ, журналіст пацікавілася падчас сустрэчы. Як высветлілася, субяседніца мае шмат цікавых захапленняў і на гэтым не думае спыняцца — яе цікавіць жыццё ва ўсіх яго фарбах.
— Галіна Ільінічна, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, можна не сядзець склаўшы рукі, а знайсці сабе занятак па душы. З чаго пачалося ў Вас?
— Свой выхад на пенсію прыняла як падарунак жыцця — стала вольнай у выбары сваіх заняткаў. Першае, што зрабілі з мужам, з’ехалі на свой хутар у вёску Забердава. Там вельмі прыгожыя краявіды, чыстае паветра, навокал раздолле. Для падтрымання фізічнай формы маецца невялікі ўчастак зямлі, які апрацоўваем і на якім вырошчваем агародніну.
— А чым яшчэ славяцца мясціны?
— Навакольныя лясы дораць грыбы, ягады, лекавыя расліны. Збіраю і сушу на зіму шыпшыну, чырвоную і чарнаплодную рабіну, чорныя парэчкі. Вельмі люблю піць чабаровы чай. Стараюся выкарыстоўваць лячэбныя дары прыроды. А чаму б не — толькі збірай іх і не лянуйся!
— Сапраўды, шмат залежыць ад самога чалавека. Галоўнае — знайсці тое, што б радавала душу і прыносіла задавальненне.
— А я і знайшла. Раней захаплялася рыбалкай, а цяпер, пераступіўшы праз нейкую ніякаватасць і свой узрост, адрамантаваўшы свае вуды і купіўшы ўсё самае неабходнае, накіравалася на вадаём. Для мяне гэта, так бы мовіць, рэлаксацыя. У такі момант дрэнныя думкі знікаюць ды не баліць нічога. Акрамя таго, дыхаю свежым паветрам, любуюся раслінным і жывёльным светам. Бывае, што і злаўлю, як таго карпа вагой на 2,5 кілаграма ці крыху карасікаў з акунькамі ці платвічкамі. Галоўнае ў тым, што мне прыносіць задавальненне і спакой.
— Што яшчэ з Вашых захапленняў блізка душы?
— Каб надалей захаваць прыгажосць, сярод якой жывём, шмат фатаграфую. У мяне ўжо багаты архіў маіх фотаздымкаў. Мару купіць добры фотаапарат ці кінакамеру. А што? Мары, бывае, збываюцца не толькі ў юнацтве, але і ў сталым узросце. Трэба толькі марыць.
— Аб чым увогуле марыцца?
— Каб людзі больш беражліва адносіліся да навакольнага асяроддзя. Бяры і карыстайся гэтым усім багаццем, але толькі не засмечвай прыроду і не рабі ёй шкоды. Я, напрыклад, ніколі не збіваю “дрэнныя” грыбы. Тыя ж самыя мухаморы прыгожыя, у іх свая роля ў біялагічнай разнастайнасці жывой прыроды. Нічога недасканалага ў прыродзе няма.
— Які занятак Вы знаходзіце ў зімовы час, калі прырода ідзе на спачын, а Вы вяртаецеся ў гарадскую кватэру?
— Тут на дапамогу прыйшло аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пры дзяржаўнай установе “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна”. Я запісалася ў гурток “Камп’ютарная азбука” (кіраўнік Аляксандра Уладзіміраўна Шутко), карыстаюся трэнажорнай залай — гэта ўжо гурток “Рытм”, удзельнічаю ў рабоце клуба “Поющие сердца”. Гэта, як аказалася, прынесла мне карысць: нядрэнна валодаю камп’ютарам, размаўляю з дзецьмі, роднымі і сябрамі праз Інтэрнэт, маю сваю старонку ў “Аднакласніках” і на “Фэйсбуку”. Працягваю вучыцца, бо хачу больш чаго ведаць. У Цэнтр ходзіць шмат людзей, якія знаходзяць сабе заняткі па душы. Шкада, што некаторыя не асмельваюцца зрабіць крок і нешта змяніць у сваім жыцці.
— А якое месца займае музыка ў Вашым жыцці?
— Самае непасрэднае. Вельмі люблю слухаць песні і сама спяваць, а яшчэ імкнуся навучыцца іграць на музычным інструменце, раней пра гэта толькі марыла. На мой юбілей сваякі падарылі мне акардэон. Я пачала хадзіць на заняткі ў Карэліцкую дзіцячую школу мастацтваў. Пэўна, нялёгка было майму педагогу Але Віктараўне Шчансновіч з такой вучаніцай. За гэты час атрымала асновы ігры на акардэоне, а зараз працягваю далей вучыцца сама.
— А што б Вы параілі будучым пенсіянерам?
— Не бойцеся пайсці з работы на пенсію — заўсёды можна знайсці сабе іншыя заняткі па душы. Мяне прыводзіць у вялікае захапленне ўменне іншых маляваць, вышываць, вязаць прыгожыя рэчы, ствараць шэдэўры з бісеру ці саломкі, засушаных кветак ці лістоў. З павагай адношуся да тых, хто самастойна вывучае замежную мову і аматараў здаровага ладу жыцця.
А якія прыгожыя кветнікі з ранняй вясны да позняй восені на падворках вясковых жанчын! Прыгажосць радуе не толькі іх саміх, але і тых, хто праходзіць ці праязджае каля іх. Гэта ствараюць людзі з залатымі рукамі і вялікім сэрцам. Няхай іх становіцца ўсё больш і больш, а навакольны свет будзе яшчэ прыгажэйшым.
Гутарыла
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота
Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий