В Кореличах состоялось заседание литературного клуба «Рэчанька» при газете «Полымя»

Што ні гавары, а Карэліччына – рэгіён асаблівы. Вось і паэтаў у нас на душу насельніцтва, верагодна, больш, чым у суседніх раёнах. Паток пісьмаў у рэдакцыю «Полымя» з рыфмаванымі тварэннямі, пачынаючы ад першага вершаванага вопыту і завяршаючы сталай паэзіяй, не вычэрпваецца ўжо каторы год. Адны здзіўляюць сваёй непасрэднасцю і нават наіўнасцю. Другія выклікаюць павагу вобразнасцю і глыбінёй слова і меладычнасцю рыфмы. Калі чытаеш дабротныя вершы, узнікае жаданне не толькі сустрэцца з неардынарным аўтарам, але і паспрабаваць зазірнуць у яго творчую кухню.rechanka-077
Такая душэўная сустрэча, стаўшая завяршаючай у бягучым годзе, з членамі літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя» адбылася ў чытальнай зале Карэліцкай раённай бібліятэкі.
Вітаючы ўдзельнікаў вечарыны, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Міхайлаўна Санчук адзначыла важную ролю мясцовай паэзіі ў развіцці галіны культуры рэгіёна ў цэлым і выказала словы ўдзячнасці ўсім творчым людзям, якія перакідаюць сваім вершаваным радком масток да чытачоў праз «Рэчаньку».
Сапраўды, гэтыя людзі заслугоўваюць самых цёплых слоў удзячнасці. Шмат гадоў вядзе за сабой грамаду мясцовых аўтараў Галіна Паўлаўна Калтунова. Ёй удалося сканцэнтраваць і аб’яднаць разам усе творчыя сілы раёна, устанавіць цесную сувязь з чытачамі. Антаніна Мікалаеўна Аўчыннікава, Аляксандра Іванаўна Панасенка, Леаніла Васільеўна Дзянькевіч, Марыя Уладзіміраўна Палуян, Міхаіл Мікалаевіч Сініца, Міхаіл Пятровіч Башко, Іван Іванавіч Вярбіцкі – у кожнага свой почырк, свой стыль, але аб’ядноўвае іх адно – любоў да прыгожага, жаданне дарыць людзям цеплыню сваіх сэрцаў.
Кожны раз такія сустрэчы праходзяць у неардынарным ключы, таму, як адзначыла Г. П. Калтунова, прапаноўваючы прысутным прэзентацыю свайго жыццёвага і творчага шляху, яна спадзяецца: людзі ўбачаць у ім, як у люстэрку, свой лёс, свае пуцявіны.
Усе мы родам з вёскі… Нават да закаранелых гараджан часта прыходзяць у снах і старыя замшэлыя хаты, і калодзежны журавель, і пыльная дарога пад нагамі пярэстых рагуль, што вяртаюцца з пашы на адпачынак…
Цябе пакідаю я, вёска,
А сэрцам заўсёды я там,
Дзе лес, загарэлыя сосны,
Бярозак агністы фантан.
Дзе першая зорка кахання,
Надзеі сустрэчы гарыць,
Дзе лепшыя ў свеце світанні,
Якіх не пад сілу забыць.
(«Падгаенскі куток», Г. Калтунова).
Нялёгкім было пасляваеннае дзяцінства. Салдацкія ўдовы цягнулі на сваіх плячах дзяцей, хату, гаспадарку. Нароўні з мужчынамі працавалі ў полі, не разгіналі спіны на сенакосе, лясной дзялянцы. Часта выратоўвала людская чуласць і дабрыня, спагада да ўдоў і сірот. Вяскоўцы талакой ішлі на дапамогу, дзяліліся апошнім.
Мы, дзеці той пары суровай,
Якую абяздолела вайна,
Цанілі лёс не колькасцю
абновак,
Была ў нас радасць на
ўсіх адна:
Наліты колас ураджайнай
нівы,
Людская шчырасць, шчодрасць, дабрыня.
(«У роднай школе», Г. Калтунова)
Нягледзячы на нястачы пасляваеннай пары, малыя сіроты здолелі вырасці людзьмі. Былі ў іх жыцці і ўстановы адукацыі, і інтэрнаты, і студэнцкае брацтва. Як успамінае Галіна Паўлаўна, на ўрачыстасць дзяўчаты збіралі сяброўку ўсім інтэрнатскім паверхам: даставілі з шафаў лепшую вопратку і прыбіралі шчаслівіцу. І гэта было бескарысна, ад усёй душы.
А хто ў савецкія гады ні ездзіў са студатрадам на заробкі? Думаю, што многія. Амаль кожнаму ўдалося паспытаць смак палявой кухні, начаваць у паходных умовах і з гонарам прывезці бацькам свой першы самастойна зароблены рубель – «Мама, цяпер мы зможам нарэшце перакрыць хату!»
Непрыкметна праляцела студэнцтва, пачаліся першыя крокі ў прафесіі. Галіна Паўлаўна Калтунова зрабіла іх на Карэліччыне, дзе і сустрэла свайго будучага мужа. Сапраўды, як было не закахацца ў маладога прынцыповага ветурача, які з парога шакіраваў: прыйшоў на сустрэчу з маладой журналісткай у велізарным самбрэра і белым плашчы?
Вяселле, як і ў многіх у тыя часы, было сціплым. Галоўнае ж багацце, якое нажылі з гадамі, – дзеці, унукі і падтрымка адзін аднаго.
Шчасце, калі чакаеш,
Што не адна, а двое,
Новы што дзень
сустракаеш
З радасцю светлай,
з табою.
Грошай і славы не трэба,
Ёсць у жыцці святое:
Мірнае ззянне неба
І што нас з табой двое. («Шчасце», Г. Калтунова).
Вось так праз лёс аднаго чалавека яскрава чытаюцца лёсы многіх людзей, якія нарадзіліся ў канцы 40-х. Удзельнікі сустрэчы слухалі і ўспаміналі сваё, праводзілі паралелі і яшчэ больш духоўна ядналіся… Чыталі свае вершы, слухалі сяброў па пяру, дзяліліся творчымі планамі. Дарэчы, менавіта вершы гэтых паэтаў і складуць паэтычны зборнік, які ў хуткім часе будзе выдадзены пры падтрымцы Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.
Мерапрыемства працягнулася на мажорнай ноце: удзельнікі вечарыны спявалі разам песні сваёй маладосці, пілі гарбату і частаваліся за салодкім сталом, у арганізацыі якога аказала спонсарскую дапамогу ІП Дзіяна Леанідаўна Шлык.
Іна ЛЕЙКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий