Ва ўстанове “Музей “Замкавы комплекс “Мір” ужо другі тыдзень працуе новы дырэктар

Ва ўстанове “Музей “Замкавы комплекс “Мір” ужо другі тыдзень працуе новы дырэктар Аляксандр Часлававіч Лойка. На высокую пасаду ўраджэнец г. Маладзечна з каранямі са Свіслаччыны прызначаны 28 лістапада Міністрам культуры Беларусі Барысам Уладзіміравічам Святловым.foto-051
Аляксандр Часлававіч Лойка скончыў Мінскі інстытут культуры. Па сваёй асноўнай прафесіі, якой не здраджвае на працягу амаль 30 гадоў, ён культасветработнік, хормайстар. Заснаваў народны ансамбль беларускай песні “Гарадніца”, да апошняга часу з’яўляўся яго мастацкім кіраўніком.
У 1988 годзе, калі атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі, размеркаваўся ў Гродзенскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культасветработы (зараз – абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, АМЦНТ), дзе прайшоў шлях ад метадыста да кіраўніка гэтай установы. Пяць гадоў займаў пасаду начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, працаваў кансультантам па справах культуры ў Генеральным консульстве Беларусі ў Беластоку. З’яўляўся дырэктарам міжнароднага фестывалю праваслаўных спеваў “Каложскі дабравест”, займаўся навуковай дзейнасцю. Да прапановы стаць дырэктарам замкавага комплексу “Мір” выкладаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
– Маю дастатковы вопыт працы ў сферы культуры. Знаёмы амаль з кожным сельскім клубам вобласці, у тым ліку і Карэліцкага раёна, бо па доўгу службы ў АМЦНТ штотыдзень выязджалі ў камандзіроўкі, праводзілі экспедыцыі, падчас якіх вывучалі беларускія народныя песні і традыцыі, – кажа Аляксандр Часлававіч Лойка і працягвае: – Калі ўзначальваў упраўленне культуры, у маім падпарадкаванні знаходзіліся 16 музейных устаноў. Музейная справа мне знаёмая і цікавая, таму прыняў нібы падарунак лёсу магчымасць працаваць у Мірскім замку, зрабіць свой унёсак у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны беларусаў.foto-052
У размове з супрацоўнікамі музея “Замкавы комплекс “Мір” Аляксандр Часлававіч трымаецца як з роўнымі, што адразу выдае ў новым дырэктары рысы творчай і інтэлігентнай асобы.
– Скажу словамі Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Гродзеншчына – сапраўдная краіна замкаў, а каштоўнейшым дыяментам у яе багатай замкавай кароне лічу Мірскі замак. І карыстаючыся выпадкам, хачу запрасіць усіх карэліччан і гасцей Карэліцкага краю наведаць наш музей. Каб дасканала вывучыць помнік такога значэння, зразумець усе таямніцы замка, да яго трэба вяртацца зноў і зноў.
Тут адчуваецца дух і моц шляхецка-магнацкага саслоўя Беларусі, якое непасрэдна ўплывала на развіццё нашай краіны і нават на Заходнюю Еўропу. Мы павінны добра ведаць сваю гісторыі і расказваць яе дзецям, а таксама замежным суседзям. Зараз мая задача – захаваць тое, што зроблена маімі папярэднікамі, адшліфаваць працу, даволі глыбока наладжаную па асноўных накірунках дзейнасці, развіваць установу далей. І мне вельмі прыемна, што я распачынаю гэткую важную і адказную справу ў па-сапраўднаму згуртаваным калектыве. Не сумняваюся, што ў музея “Замкавы комплекс “Мір” хопіць падстаў для таго, каб намінавацца на ганаровае званне “нацыянальны”, – падагульніў Аляксандр Часлававіч Лойка.
Святлана ВАШЧЫЛА.
Фота аўтара
і Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий