Моцнымі ствараюцца новыя ячэйкі грамадства ў аграгарадку Краснае

Шчасце больш ахвотна заходзіць у тыя дамы, дзе заўсёды пануе добры настрой – менавіта гэтае выказванне з’яўляецца дэвізам сям’і Пілько ўжо не адзін год. Пра тое, наколькі моцнымі ствараюцца новыя ячэйкі грамадства ў аграгарадку Краснае, асабіста пераканаўся журналіст газеты «Полымя».земляки 144
Наталля Віктараўна і Сяргей Аляксандравіч Пілько родам з Карэліцкага краю, вучыліся ў адной школе, але ў той час не заўважалі адзін аднаго, а цяпер ужо 11 гадоў разам – душа ў душу, плячо ў плячо, гледзячы ў адным кірунку. Яна па адукацыі сацыяльны педагог, працавала ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання Карэліцкага раёна, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку – дачушцы Паліне крыху больш за год. Ён працуе вадзіцелем у СВК «Маяк-Заполле» і з’яўляецца апорай і абаронай сям’і.
У 2012 годзе ў дзень вяселля кіраўніцтва гаспадаркі ўручыла новаспечанай сям’і ключы ад дома ў аграгарадку Краснае, праз некалькі гадоў пара яго прыватызавала. Пабудавалі гараж, засталося да канца ўладкаваць падворак.
Дом прасторны, праца ёсць, таму ў планах у маладой сям’і абзавесціся і другім дзіцем. А пакуль увесь вольны час у захавальніцы сямейнага ачага ў асноўным сыходзіць на выхаванне любімай дачушкі. Паводле яе слоў, Паліна дзяўчынка некапрызлівая, вельмі актыўная, але Наталля Віктараўна паспявае ўсё, у тым ліку і знайсці хвілінку на сваё захапленне вязаннем.
Сям’я Пілько заўсёды рада гасцям у сваёй хаце, але пры гэтым не любіць сядзець на месцы, асабліва летам. У Красным жыве шмат моладзі. Часцяком, калі Наталля Віктараўна са сваім дзіцем выходзяць на прагулку, сустракаюць такіх жа мам з дзеткамі. Таму сумаваць не прыходзіцца. Маладой маме аграгарадок падабаецца і сваім размяшчэннем адносна райцэнтра: пару хвілін на машыне – і ты ўжо гуляеш па парку ці стадыёне. Бабулі Паліны таксама жывуць непадалёк, а гэта значыць, што заўсёды ёсць побач дапамога блізкіх.
– Любыя праблемы мы вырашаем з мужам на найменшай стадыі іх узнікнення, таксама стараемся заўсёды ўсё абмеркаваць і, калі нават не прыходзім да аднаго рашэння, то хаця б агучваем свае думкі, – дзеліцца Наталля Віктараўна. – А вось асновай шчаслівага сямейнага жыцця я лічу ўзаемапавагу. Калі яна прысутнічае, то і ў сям’і ўсё добра складваецца.

Добавить комментарий