Смачныя яблыкі Пятра Фаміча

Пётр Фаміч Кохан сустрэў нас ля варот свайго дома. Жвавы чалавек з вясёлымі вачыма – ні за што не здагадаешся, што яму 88 гадоў. За 62 гады бесперапыннага стажу працы механізатарам узнагароджаны Ордэнам “Працоўны Чырвоны Сцяг”, “Знак Пашаны”, медалямі рознай вартасці. А Ганаровым граматам і Падзячным пісьмам наогул няма ліку.земляки 102
Пётр Фаміч толькі другі год як не працуе, у поўнай меры асвойвае “пасаду” пенсіянера: тэлевізар, агарод. Але… “Як пакінуў працу, то моцна засумаваў і пачаў здаваць,” – непакоіцца жонка.
Нарадзіўся Пётр Фаміч у вёсцы Лясок і амаль усё жыццё пражыў на адным месцы. Сваю жонку Ірыну Іванаўну сустрэў, калі вучыўся ў Навагрудскім раёне на механізатара. Разам з ёю выгадавалі трох сыноў і дачку. Дзеці раз’ехаліся з вёскі, але бацькоў не забываюць.
Пра сваё мінулае Пётр Фаміч успамінае ахвотна: і як працаваў, і як у Маскву па ўзнагароды ездзіў. А яшчэ здарылася аднойчы з ім гісторыя.
Было гэта даўно, ён тады толькі-толькі ажаніўся. Раніцай, як звычайна, пайшоў на працу ў калгас, а вярнуўся… толькі праз 3 месяцы з Казахстана. А адбылося наступнае. На Карэліччыне ў самым разгары ўборачная. І тут на поле прыязджае тагачасны кіраўнік раёна Руднеў: “Кідай работу! Паедзеш!”
– Куды?
– Даведаешся!
А патрэбна заўважыць, на двары 1954 год.
“Не далі нават заехаць дамоў, у Казахстан павезлі разам з камбайнам. Да месца прызначэння ехалі амаль 3 тыдні, а ў мяне нават змены бялізны з сабою не было – прама з поля знялі ж. Толькі як даехалі да месца, змог памыцца. Трапіў на ўборачнаю на цаліну. Кармілі і заплацілі тады добра, нічога дрэннага сказаць не магу! Вось такія былі часы,” – успамінае Пётр Фаміч.
Нягледзячы на салідны ўзрост Пётр Фаміч з Ірынай Іванаўнай трымаюць немалую, па сённяшніх мерках, гаспадарку, апрацоўваюць 30 сотак прысядзібнага ўчастка. На ўчастку вырошчваецца ўсё, што звычайна бывае на стале ў беларускага селяніна: бульба, цыбуля, часнок, памідоры, гуркі. У мінулым годзе паспрабавалі гадаваць в’етнамскіх свіней. А яшчэ пачысцілі стары яблыневы сад, пасадзілі маладыя яблынькі. Пачаставалі яблыкамі і нас, журналістаў. Вельмі смачныя…

Добавить комментарий