Сваячкі-майстрыхі з Кальчыч

Многія знаходзяць любімы занятак. Выканаўцы атрымліваюць задавальненне, а іх вырабы радуюць вочы людзей.
У вялікім пакоі дома Марыі Міхайлаўны Кісель як у святліцы. Усё заслана вышыванкамі, тут і ручнікі, і карціны. У кухні — таксама вышытыя карціны.
Яна не адзінокая ў сваіх памкненнях — у Клаўдзіі Васільеўны Базар такое ж захапленне. «Вышываеш — і атрымліваеш задавальненне і аддушыну ў жыцці», — прызнаецца жанчына. Завітае да сяброўкі — і тая дасць добрую параду, яны змогуць пагаварыць па душах.земляки 127
У дзень нашай сустрэчы майстрыхі таксама сабраліся разам. Яшчэ адна падстава для таго, каб успомніць пражытае і перажытае, пагаварыць пра любімае захапленне. Як высветлілася, каб стварыць сапраўдны шэдэўр, патрэбны жаданне, майстэрства і індывідуальны падыход выканаўцы. Гэта даволі карпатлівая праца не аднаго дня. У нейкай ступені вышыванне адыгрывае і ролю лекара — адыходзяць хвалюючыя пытанні, і чалавек заспакойваецца.
Ва ўсе часы вышыўка заўсёды была любімым заняткам для вясковых жанчын. У маладосці яны шукалі хвілінку для гэтай справы, бо былі заняты працай у калгасе і дома. Пазней, калі ўжо дабавілася больш вольнага часу, укладвалі ўсю душу ў свае будучыя вырабы. Асабліва доўгімі зімовымі вечарамі поўнасцю аддавалі сябе захапленню і не заўважалі, калі праходзіў час. Так зацягвала іх вышыванне!
Жанчыны не прыкмецілі, як імгненна прайшлі гады. У Марыі Міхайлаўны Кісель і Клаўдзіі Васільеўны Базар з вёскі Кальчычы шмат агульнага ў лёсе. Выйшлі замуж за стрыечных братоў — і сталі сваячкамі. Абедзве не цураліся ніякай працы ў калгасе і па асабістай гаспадарцы. Стараліся ладзіць з вяскоўцамі, з суседзямі падтрымліваць добрыя ўзаемаадносіны.
Майстрыхі ўдзячны старшыні Красненскага сельвыканкама Тамары Мікалаеўне Лейка за тое, што прадстаўнік мясцовай улады неабыякава адносіцца да іх захаплення. Больш таго, старшыня дапамагае накіраваць вырабы на розныя выставы. Жанчыны перакананы таксама ў тым, што вышыванкі павінны ўбачыць іншыя. У свае вырабы яны ўкладвалі ўсю душу: старанна падбіралі ніткі па колеры, спрытна вадзілі іголкай па бялюткай тканіне. Адным словам, шчыравалі з дня ў дзень — і атрымліваўся сапраўдны цуд. Чаму б яму не парадаваць людзей?!

Добавить комментарий