Ва ўстанове культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» дзейнічае выстава Канута Русецкага

Ва ўстанове культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» дзейнічае выстава рэпрадукцый малюнкаў з альбома 1844-1846 г.г. «Навагрудскі край вачыма Канута Русецкага»— вядомага літоўскага мастака ХIХ стагоддзя. У адзін са студзеньскіх дзён яе наведвальнікамі сталі вучні 10 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. п. Карэлічы». Экскурс у творчасць мастака зрабіла навуковы супрацоўнік музея Марыя Сяргееўна Аляшкевіч.музей 008Альбом уяўляе сабой калекцыю розных графічных і акварэльных малюнкаў на 90 лістах. Значная яго частка была зроблена мастаком падчас паездак на навагрудскую зямлю (Навагрудак, Нясвіж, Сноў, Мір). Многія іншыя малюнкі, якія пераважна датычаць Вільна і Віленскага краю, з’явіліся прыкладна ў той жа час ці крыху пазней.
Геаграфія альбома Канута Русецкага даволі шырокая і цікавая. Значную ўвагу мастака прыцягнула гістарычная Навагрудчына, радзіма Адама Міцкевіча. Як запісаў сам аўтар, яго падарожжа ў гэты край пачалося з Мазырскага павета, дзе ён быў у той час па справах.
Цыкл альбомных замалёвак Канута Русецкага, які прысвечаны значным гістарычным мясцінам (Навагрудак, Мір, Нясвіж), насіў яшчэ і азнаямленчы характар для самога аўтара, якога заўсёды прыцягвала магчымасць вывучэння гісторыі гарадоў і знаёмства з іх «душой». Гэта падарожжа чымсьці нагадвае мастацкія падарожжы Напалеона Орды, які зрабіў вялікую працу, візуальна захаваўшы для нашчадкаў ландшафты і вобразы гістарычнай архітэктуры свайго часу.
Ландшафты роднай зямлі прыцягвалі мастацкую ўвагу Канута Русецкага не менш, чым Італія, якую ён моцна апяваў у маладосці. Найбольшую цікавасць, як і многіх іншых мастакоў яго часу, вызвалі гістарычныя мясціны, асабліва мастацкія руіны, знакі велічы мінулых гадоў. Невыпадкова, што ў альбоме мастака 1844-1846 г.г. знаходзім шэраг прыкладаў такіх замалёвак. Першы з іх — выгляд Мірскага замка. Падобныя на яго графічныя і акварэльныя адлюстраванні звычайна служылі мастаку ў якасці матэрыялу для далейшага вывучэння аб’екта.
Канут Русецкі выступае перад намі ў якасці ўдумлівага гледача, вучонага, мастака, нават дакументаліста, які захаваў для нас рухі зямлі.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Іны ЛЕЙКА.

Добавить комментарий