Шестой год подряд средняя школа г. п. Мир предлагает ученикам обучение на родном языке

Стала звыклым, што ў гарадскіх школах выкладанне прадметаў вядзецца на рускай мове. Між тым ужо шосты год запар сярэдняя школа ў г. п. Мір прапануе сваім вучням альтэрнатыву – навучацца па-руску альбо па-беларуску. фото 098Калі ў 2011 годзе перад бацькамі будучых першакласнікаў паўстала пытанне, на якой мове будуць вучыцца іх дзеці, то ўзніклі пэўныя сумненні. Важкі аргумент на карысць рускай мовы – гэта тое, што на ёй вядзецца амаль усё навучанне ў вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных установах. Беларускамоўнае навучанне ў гарадской школе тады ўспрымалася як эксперымент. Дзякуючы настаўніцкаму аўтарытэту Наталлі Канстанцінаўны Орсіч, якая сама калісьці скончыла Аўтухоўскую беларускамоўную школу, вучыцца на беларускай мове пачалі 8 з 24 першаклашак.
За гэтыя гады ніхто з вучняў не змяніў сваё рашэнне і працягвае вывучаць школьныя дысцыпліны па-беларуску і зараз. Шасцікласнік Уладзіслаў Каласоўскі разважае: “Па-беларуску я размаўляю і ў школе, і па-за яе сценамі. Няма ніякіх складанасцяў у адносінах з рускамоўнымі сябрамі, мы добра разумеем адзін аднаго”.
Сёння ў Наталлі Канстанцінаўны ўжо другі набор дзетак, што вучацца па-беларуску. Матэрыяльная база дазваляе праводзіць паўнацэнныя заняткі: дастаткова і падручнікаў, і наглядных матэрыялаў.
Задаволены не толькі вучні, але і бацькі. Так, напрыклад, Марына Аляксандраўна Клімко, старшыня бацькоўскага камітэта ў беларускамоўным класе, разважае так: “Ні разу не давялося пашкадаваць, што выбрала для старэйшага сына беларускамоўнае навучанне. Ён добра вучыцца, да таго ж у мяне ніколі не ўзнікала патрэбы дапамагаць яму. Цяпер і малодшы сын – вучань Наталлі Канстанцінаўны”.
На думку дырэктара школы Таццяны Ільінічны Шаплыка, мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага. Беларускамоўныя класы будуць працаваць і далей: наступны набор у першы клас адбудзецца ў 2017-2018 навучальным годзе.

Ганна ПАШКЕВІЧ.
Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий