Таямніца жаноцкасці Наталлі Шпакоўскай

Класікі кажуць, што слабая палова чалавецтва прываблівае сваім унутраным светам, талентамі. Апяваюць яны і знешнюю жаночую прыгажосць. Усе без выключэння схіляюць галовы перад матулямі.шпаковская 001
Дык якіх жанчын лічыць адметнымі? Думаю, што шматгранных. У гэтую катэгорыю трапляе гераіня ніжэй прыведзенага матэрыялу Наталля Леанідаўна Шпакоўская.
Сёння вядомы ў раёне культработнік амаль увесь свой час прысвячае сям’і.
У мінулым годзе Наталля Леанідаўна нарадзіла сына Іллю. Заўтра яму споўніцца восем месяцаў. Гадаваць хлопчыка дапамагае шчаслівы тата Юрый Браніслававіч Шпакоўскі, які працуе старшым дзяржаўтаінспектарам. Сужэнцы таксама выхоўваюць дзвюх дачок. 10-гадовая Валерыя і 5-гадовая Анастасія ў будучым будуць добрымі гаспадынямі. Ужо цяпер разам з маці падтрымліваюць парадак і утульнасць у доме. Абедзве, дарэчы, займаюцца танцамі.
Клопатаў у вялікай сям’і хапае заўсёды, але яны прыемныя. Наталля Леанідаўна кажа, што быць шматдзетнай маці адказна, цяжка, але адначасова і вельмі натхняюча. Маладая матуля паспявае не толькі завіхацца па хаце, смачна гатаваць, але і займацца рукадзеллем. Яна стварае аксесуары для валасоў.
Нягледзячы на занятасць, Наталля Леанідаўна таксама знаходзіць магчымасць падтрымліваць сваю жаночую грацыёзнасць і зграбнасць. Спявачка прызнаецца, што даўно прывыкла трымаць сябе ў тонусе.
– Калі ты на сцэне, на вачах ва ўсіх, хочацца дарыць гледачам здаровую, пазітыўную энергію, падштурхоўваць іх на добрыя справы, – тлумачыць Наталля Леанідаўна.
У сферы культуры Карэліцкага раёна яна працуе з 2003 года. Прыехала на карэліцкую зямлю па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Прайшла станаўленне як спецыяліст у Турэцкім Доме культуры, з 2005 года працягвала кар’еру ў аддзеле метадычнай работы Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці (РЦКіНТ), стала загадчыкам аддзела, мастацкім кіраўніком народнага ансамбля народнай песні “Забава” РЦКіНТ.
– У дадзены момант я знаходжуся ў адпачынку па доглядзе за дзіцем, але імкнуся прафесійныя навыкі не страчваць, – дзеліцца Наталля Леанідаўна. – У красавіку наш ансамбль “Забава” будзе падцвярджаць званне “народны”. Мяне запрасілі дапамагчы калектыву падрыхтавацца да такога важнага экзамену. Я згадзілася. Народны ансамбль народнай песні “Забава” – наша гісторыя, трэба яе захоўваць і выводзіць на новыя ўзроўні.
А як Наталля Леанідаўна разумее слова “жанчына”?
Усміхнуўшыся, спявачка на гэтае пытанне адказала коратка і трапна:
– Калі разважаць, якой жанчына павінна быць, то, на мой погляд, абаяльнай, прывабнай. А ў першую чаргу – маці. Матуля – самае высокае званне для жанчыны.
Святлана ВАШЧЫЛА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий